Уборка шматгадовай травы ў аптымальныя тэрміны з’яўляецца абавязковай умовай павышэння прадуктыўнасці і якасці корму для сельскагаспадарчай жывёлы, і адпаведна — прыбытку ў жывёлагадоўчай галіне.
На чарговым пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта разгледжана пытанне падрыхтоўкі да нарыхтоўкі кармоў.
Як расказаў начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Дзмітрый Ласіцкі, першым укосам у сельскагаспадарчых арганізацыях плануецца ўбраць шматгадовую траву з плошчы 14200 гектараў. Гэта бабовыя, канюшына, люцэрна, бабова-зёлкавая і зёлкавая трава.
На зімова-стойлавы перыяд 2026-2027 года ў сельскагаспадарчых арганізацыях раёна неабходна нарыхтаваць 119,5 тысячы тон кармавых адзінак, што складзе 41,2 цэнтнера кармавых адзінак травяністых кармоў на адну ўмоўную галаву. Для забеспячэння жывёлагадоўлі паўнавартаснымі і збалансаванымі па пажыўнасці кармамі неабходна нарыхтаваць 11157 тон сена, 224131 тону сенажу, 205953 тоны сіласу.
Травяністыя кармы будуць убіраць з укоснай плошчы шматгадовай травы першага і другога ўкосу, кукурузы на зялёны корм, аднагадовай травы, пожніўных і паўкосных траў. Для атрымання якасных кармоў і захавання іх пажыўнай каштоўнасці плануецца нарыхтаваць травяныя кармы па прагрэсіўнай тэхналогіі з абмоткай у стрэйч-плёнку. Для гэтай мэты ў раёне ёсць 9 адзінак прэс-падборшчыкаў.
Запланаваны аб’ём сіласу будзе нарыхтаваны з пасяўной плошчы 9977 гектараў кукурузы. Для закладкі травяных кармоў у сельскагаспадарчых арганізацыях раёна ёсць 246 сянажна-сіласных траншэй, 60 з іх ужо пад-рыхтавана.
– Каб закласці кармавую базу наступных гадоў, сёлета неабходна падсеяць травы на плошчы 6233 гектара, у тым ліку зрабіць перазалужэнне лугавых угоддзяў на плошчы 3307 гектараў, – адзначыў Дзмітрый Ласіцкі. – Для забеспячэння сельскагаспадарчых арганізацый кармамі, узбагачанымі бялком, з бюджэту выдзелена 235800 рублёў на закупку насення люцэрны.
У сельгасарганізацыях падсеяна ўжо 2925 гектараў шматгадовых траў, у тым ліку на плошчы 808 гектараў праведзена перазалужэнне.
Адведзены насенныя ўчасткі для забеспячэння ўласным насеннем шматгадовай травы на плошчы 940 гектараў. Сёлета плануецца закласці 750 гектараў насеннікаў, што да-зволіць забяспечыць сельгасарганізацыі насеннем на наступныя гады.
Для нарыхтоўкі травяных кармоў у гаспадарках ёсць 40 адзінак кормаўборачных камбайнаў, якія на 95 працэнтаў ужо гатовы да работы. Акрамя таго, для выканання гэтых работ будуць задзейнічаны касілкі трактарныя з шырынёй захопу 9 і больш метраў, 30 адзінак грабель трактарных, 44 прэс-падборшчыкі. Для перавозкі зялёнай масы пры нарыхтоўцы кармоў плануецца задзейнічаць каля 112 адзінак трактарнай і аўтамабільнай тэхнікі. Праведзены дзяржаўны тэхнічны агляд кормаўборачных камбайнаў.