Роўна год таму калектыў ААТ «Індустрыя-СГ» узначаліў Сяргей Ленкавец. Прыйшоўшы ў гаспадарку, калі сельскагаспадарчыя працы былі ў самым разгары, новы кіраўнік нічога не мяняў: як было спланавана, так і працавалі. Хаця пытанняў было нямала: напрыклад, з восені не паспелі падняць зябліва, і прыйшлося ўжо ўвесну наганяць упушчанае.
Зрабіўшы пэўныя высновы, пастараліся ўнесці ка-рэктывы.
– Замест 290 гектараў пасеялі 550 гектараў рапсу, – расказвае Сяргей Ленкавец. – Пад азімыя збожжавыя адвялі больш за 2 тысячы гектараў. Пасеялі іх у аптымальныя тэрміны, прычым унеслі ўдабрэнні пад поўнае запатрабаванне. Такім чынам, добры зачын быў зроблены яшчэ з восені. Дарэчы, азімыя перазімавалі нядрэнна. Іх падкармілі, і ёсць на-дзея, што яны парадуюць нас ураджаем.
У мінулым годзе было пасеяна 213 гектараў цукровых буракоў, а ў гэтым плануем у 1,5 раза больш – 350 гектараў. Глеба ўжо падрыхтавана, удабрэнні ўнесены. Робіцца гэта для таго, каб атрымаць больш таварнай прадукцыі, бо гэта культура дае грошы гаспадарцы адразу.
Плануем актыўна працаваць з травой: падсеяць 500-600 гектараў траў, зрабіць перазалужэнне, падсеяць люцэрну, каб быў добры травастой і якасны корм для жывёлагадоўлі.
У ААТ «Індустрыя-СГ» з запланаваных 700 гектараў ранніх яравых збожжавых ужо пасеялі 300 гектараў. Так што на 40 працэнтах плошчаў насенне ўжо закладзена ў глебу.
– Я ўсё ж стаўлю задачу нарошчваць гектары азімых культур, – адзначае дырэктар гаспадаркі. – Яны даюць больш высокі ўраджай.
Паглядзім, як складзецца сёлета з ураджайнасцю рапсу і з цэнамі на яго. Хацелася б нарошчваць колькасць гектараў, бо гэта культура прыбытковая. Сёння, вырошваючы любую культуру, трэба імкнуцца атрымліваць ад яе фінансавы вынік.
У сельгасарганізацыі збож-жавыя сеюць адной 12-метровай сеялкай, якая ў полі першы сезон. Дзякуючы яе вялікаму захопу сеяльшчык Сяргей Бункевіч за дзень засявае па 60 гектараў. Калі ўсё будзе добра, раннія зерневыя плануюць пасеяць за няпоўныя два тыдні. Потым пераключацца на аднагадовыя культуры. Другой сеялкай СПУ-6 падсяваюць травы.
Адна з галоўных работ увесну – падрыхтоўка глебы пад сяўбу. Гэтым у гаспадарцы на трактары «Беларус-3522» з КШП-10 займаецца Павел Гутар. У дзень ён культывуе 60-70 гектараў пад яравыя.
– Нягледзячы на тое, што дажджу не было ўвесь першы вясновы месяц, ёсць участкі, дзе глеба вільготная, – адзначае Павел Валер’евіч. – У нізкіх месцах тэхніка ідзе складаней. З усіх відаў работ культывацыя для мяне – самая любімая. Я ўжо паспеў падрыхтаваць больш за 817 гектараў глебы. Напрыклад, поле каля вёскі Крупка – 130 гектараў, яго я апрацаваў за два дні. Але наперадзе яшчэ шмат работы: неабходна пад-рыхтаваць палі пад буракі, аднагадовыя культуры, кукурузу. Спадзяюся, што надвор’е будзе спрыяльным і тэхніка не падвядзе.