У Рэспубліканскім цэнтры экалогіі і краязнаўства адбыўся заключны этап рэспубліканскага конкурсу “Беларусь — мая Радзіма”, які праводзіцца ў межах акцыі “Збяры Беларусь у сваім сэрцы” больш за дзесяць гадоў. Сёлета конкурс быў прысвечаны 80-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.
Спачатку навучэнцы даследвалі мемарыялы, помнікі і магілы, звязаныя з ваеннымі падзеямі на тэрыторыі іх малой радзімы, затым складалі экскурсійныя маршруты, пасля — афармлялі тэматычную брашуру. Навучэнец другога курса аграэнергетычнага аддзялення Мар’інагорскага дзяржаўнага АТК Сяргей Гушчын з захапленнем і адказнасцю ўзяўся за гэтую справу яшчэ падчас летніх канікул. З кіраўніком народнага музея гісторыі ўстановы адукацыі Аленай Свірыдавай яны распрацавалі экскурсійны маршрут “Бачыць, каб ведаць і памятаць”, у які былі ўключаны аб’екты, якія захоўваюць ваенную гісторыю горада Мар’іна Горка: помнік на магіле Героя Савецкага Саюза Васіля Токарава, помнік лётчыку Міхаілу Ермакову, помнік камсамолцы-партызанцы Любе Гайдучонак, помнік савецкім воінам, партызанам і падпольшчыкам, загінуўшым у барацьбе з фашысцкімі захопнікамі, Помнік-САУ у гонартанкістаў-вызваліцелей горада, камень у памяць пра расстраляных ў кастрычніку 1941 года ваеннапалонных Чырвонай Арміі.
Па змесце экскурсійнага маршрута была складзена брашура, у якую распрацоўшчыкі ўключылі інфармацыю пра знакамітых ураджэнцаў Пухавіччыны, выпускнікоў нашай установы адукацыі — Героя Савецкага Саюза Уладзіміра Лабанка і поўнага кавалера Ордэна Славы Аляксандра Далідовіча. На абласным этапе работа Сяргея была прызнанай адной з лепшых, а яе аўтар атрымаў запрашэнне на ўдзел у другім туры.
На другім этапе трэба было адказаць на пытанні анлайн-віктарыны па змесце брашур, складзеных навучэнцамі ўсіх раёнаў Мінскай вобласці. І з гэтым заданнем навучэнец справіўся паспяхова – ён увайшоў у склад каманды Мінскай вобласці “Знаўцы Міншчыны”, якая трапіла на заключны этап.
На працягу двух дзён навучэнцы з розных куткоў Беларусі выконвалі заданні фінальных конкурсаў. У першы дзень адказвалі на пытанні віктарыны ў фармаце інтэлект-буквара, а ў другі дзень каманды распрацоўвалі і прэзентавалі экскурсію-імправізацыю па зададзеным аб’ектам.
Гушчын Сяргей не проста выдатна праявіў веды па ваеннай гісторыі нашай краіны, але і даказаў, што любіць Беларусь усім сэрцам. Па выніках усіх этапаў конкурсу “Беларусь – мая Радзіма” ён адзначаны Дыпломам другой ступені Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства.
Удзел у конкурсах, накіраваных на фарміраванне патрыятычных якасцей моладзі, – цудоўная магчымасць не проста праявіць пачуццё любові да сваёй краіны, а і паглыбіць ўласныя веды па гісторыі роднага краю.