Адрас: 222811, Мінская вобласць,
г. Мар'іна Горка, вул. Ленінская, 47

РЭЖЫМ ПРАЦЫ
панядзелак - пятнiца

З 8:30 да 17:30
абед з 13:00 да 14:00
(прыём грамадзян і юрыдычных асоб згодна з зацверджаным графікам)

Тэлефон: +375 (1713) 3-51-66

Факс: +375 (1713) 6-05-96

«ГАРАЧАЯ ЛІНІЯ»: +375 (1713) 2-04-24
(у буднія дні з 8:30 да 17:30, абед з 13:00 да 14:00)

Адзіны даведачна-інфармацыйны нумар службы «адно акно »: 142

E-mail: isp@pukhovichi.gov.by 
(для дзелавой перапіскі)

Сацыяльныя сеткі: Інстаграм

07.08.2017

Жнівень — час жніва

Панядзелак стаў днём, калі механізатары ААТ “Зазерка” прыступілі да масавай уборкі зерневых культур

Камбайнер Андрэй Нарэйка і вадзіцель Аляксандр Холад.

Панядзелак стаў днём, калі механізатары ААТ “Зазерка” прыступілі да масавай уборкі зерневых культур. На мехдвары ў 10 гадзін раніцы не было ніводнага камбайна…

Гэты час для вяскоўцаў сапраўды вельмі гарачы, таму я заўсёды, калі еду жнівом у поле, каб сустрэцца з героямі ўборачнай кампаніі, адчуваю нейкую няёмкасць, бо адрываю камбайнераў ад важнай працы, кожная хвіліна якой — як золата. Вось і цяпер Андрэй Нарэйка і Аляксандр Холад (камбайнер і вадзіцель) згадзіліся на здымак толькі таму, што быў запоўнены першы ў гэты дзень бункер, і зерне некалькі хвілін перасыпалася ў кузаў машыны. Вяскоўцы берагуць час сёлетняга жніва асабліва: прымушае надвор’е. Такое непрадказальнае і дажджлівае. Аднак у панядзелак і яно нібы ўспомніла, что ў аўторак ужо жнівень…

— Асаблівасць сёлетняга жніва не толькі ў тым, што яго пачатак змясціўся па тэрмінах, — кажа галоўны аграном гаспадаркі Аляксандр Сідорык. — Яна яшчэ і ў тым, што не паслядоўна, а адначасова з уборкай зерневых трэба весці ўборку саломы і рыхтаваць глебу пад унясенне ўдабрэнняў і сяўбу. Таму не дзіва на адным полі ўбачыць і камбайны, і прэспадборшчыкі, што скручваюць салому ў рулоны. Так што рэжым работы ў нас вельмі напружаны. Гэта адчувае кожны работнік гаспадаркі.

Механізатар Іон Панфіл.

Убраць работнікам ААТ “Зазерка” ў гэтым годзе трэба 2560 гектараў азімых і яравых культур. У тым ліку, палі былога УП “Сяргеевічы”, далучанага вясной да гаспадаркі. Нагрузка прыйдзецца на 10 камбайнаў. Першыя з іх выйшлі ў поле ў пятніцу. Працавалі на канкрэтных участках, якія былі гатовы да ўборкі. Зерне з першых абмалочаных 13 гектараў паказала не надта высокую вільготнасць: 17-23 працэнты. Нават неяк дзіўна, калі ты не можаш успомніць дзень без дажджу.

— Трыцікале, якое мы ўбіралі ў нядзелю, не перавышала па вільготнасці 21-22 працэнты, — расказвае кіраўнік сельгаспрадпрыемства Андрэй Папельскі. — Так што два нашы зернесушыльныя комплексы працавалі ў штатным рэжыме. У нядзелю мы ўбралі каля 35 гектараў. Намалот склаў 130 тон. З кожным днём ён будзе павялічвацца.

Механізатар Павел Куслій.

На жніве працуе зладжаны і правераны калектыў вяскоўцаў. Можна разлічваць на кожнага, хто выходзіць у поле або абяспечвае жніво на другіх рабочых месцах — у мехмайстэрні, сталоўцы, дзе рыхтуюцца абеды і надвячоркі для камбайнераў і вадзіцеляў.

Для стымулявання работнікаў распрацаваны ўмовы спаборніцтва на жніве, штодзённа даводзяцца да людзей вынікі працы за папярэдні дзень, уздымаецца сцяг у гонар лепшых работнікаў.

— Тысячнікі ў нас былі і абавязкова будуць, — упэўнены Андрэй Папельскі. — Людзі працуюць сапраўды свядома і аддана. Хацелася б адзначыць Іона Панфіла, Віктара Пратасевіча, Андрэя Нарэйку, Віктара Варановіча, Аляксандра Холада, Міхаіла Навіцкага, Андрэя Хатляніка, Паўла і Андрэя Куслій, Мікіту Федаровіча. Але і іншым тлумачыць, які зараз наступіў гарачы час, не трэба…

Алена ШАНТЫКА.

Чытаць 2518 разоў

© Пухавіцкі раённы выканаўчы камітэт, 2008-2020
Убачылі памылку на сайце?
Калі ласка, вылучыце тэкст з памылкай
і націсніце ctrl + enter

Яндекс.Метрика Распрацоўка і падтрымка сайта:
Група кампаній «ЦВР «КАСТРЫЧНІЦКI»