Адрас: 222811, Мінская вобласць,
г. Мар'іна Горка, вул. Ленінская, 47

РЭЖЫМ ПРАЦЫ
панядзелак - пятнiца

З 8:30 да 17:30
абед з 13:00 да 14:00
(прыём грамадзян і юрыдычных асоб згодна з зацверджаным графікам)

Тэлефон: +375 (1713) 3-51-66

Факс: +375 (1713) 6-05-96

«ГАРАЧАЯ ЛІНІЯ»: +375 (1713) 2-04-24
(у буднія дні з 8:30 да 17:30, абед з 13:00 да 14:00)

Адзіны даведачна-інфармацыйны нумар службы «адно акно »: 142

E-mail: isp@pukhovichi.gov.by 
(для дзелавой перапіскі)

Сацыяльныя сеткі: Інстаграм

03.08.2017

На полі СУП “Дукора-Агра” прайшло свята “Зажынкі”

Свята ў гонар збору новага ўраджаю збожжа “Зажынкі” прайшло ў чацвер на полі СУП “Дукора—Агра”

Свята ў гонар збору новага ўраджаю збожжа “Зажынкі” прайшло ў чацвер на полі СУП “Дукора—Агра”. Традыцыйна яно дае старт уборачнай кампаніі, якая хутка пачнецца на Пухавіччыне. Хлебная ніва ўжо кліча камбайнераў.

Свята адкрылася песнямі, якія звычайна спявалі жнеі, выходзячы ў поле. Пасля з прывітальным словам да прысутных звярнуўся старшыня Пухавіцкага райвыканкама Сяргей Ленкавец. Ён  павіншаваў усіх з пачаткам уборачнай кампаніі і падкрэсліў, што жніво — галоўны вынік  работы сельскагаспадарчай сферы за год. Сяргей Дзмітрыевіч заклікаў камбайнераў, кіраўнікоў гаспадарак і спецыялістаў усіх звенняў сур’ёзна і з максімальнай самааддачай аднесціся да ўборкі хлеба.

Начальнік Мінскага абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь Максім Шышканаў звярнуў увагу камбайнераў на неабходнасць выканання правілаў пажарнай бяспекі  і аховы працы. Працаўнікоў хлебнай нівы віталі таксама начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Васіль Тупека, старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Людміла Арэхоўская і дырэктар СУП “Дукора-Агра” Сяргей Дрозд.

СУП “Дукора-Агра” прымала зажынкі не выпадкова: у мінулым годзе гаспадарка была адной з лепшых у раёне па ўраджайнасці і намалоце збожжа. Сёлета дукорскія земляробы таксама ставяць перад сабой перспектыўныя мэты. Неаднаразовы перадавік гаспадаркі Мікалай Крукоўскі выступіў ад імя ўсіх прысутных камбайнераў і запэўніў, што ў сваёй справе яны не падвядуць.

Жнеі, апранутыя ў маляўнічыя нацыянальная касцюмы, уручылі пачэсным гасцям свята снапы з каласамі новага ўраджаю. Таксама кіраўнікоў сельгасарганізацый сустракалі   караваямі  з  мукі  ўраджаю мінулага года. Звонкай песняй славілі працу хлебаробаў сямейны ансамбль  “Жывіца”  Борскага СДК, жартоўны гурт “Сяброўкі” Дукорскага СДК,  народны фальклорны   ансамбль  “Зарачанка”  Блонскага СДК  і   маладыя артысты раёна.  Удзельнікаў жніва благаславіў благачынны цэркваў першага  Пухавіцкага  благачыння айцец   Аляксандр.  Ён  уручыў  абразы  заступніцы  нашага краю — Мар’інагорскай іконы Божай Маці.

Камбайнер СУП «Дукора-Агра» Мікалай Крукоўскі.

На свяце зажынак лік сваім гектарам адкрыў механізатар СУП “Дукора-Агра” Сяргей Піталенка. У экіпажы з камбайнерам быў старшыня райвыканкама Сяргей Ленкавец.

На ўпрыгожаным святочным полі можна было ўбачыць розную тэхніку, якая будзе дапамагаць хлебаробам дасягаць высокіх намалотаў. Сёлета ва ўборачнай кампаніі будуць задзейнічаны 97 камбайнаў.

— На мінулым тыдні завяршыўся дзяржтэхагляд збожжаўборачных камбайнаў,  —  расказвае  начальнік    раённай   інспекцыі  Дзяржтэхнагляду Дзяніс Шырокі. —  Да ўдзелу ў дарожным руху дапушчана больш як 90 працэнтаў камбайнаў. На гэтым тыдні мы паўторна правяралі іх на герметычнасць: важна, каб падчас уборкі збожжавых культур не было страт. Да масавай уборкі збожжа мы прыступім цалкам падрыхтаванымі.

Сёлета ўбіраць ураджай на новым камбайне КЗС-1218 вытворчасці холдынга “Гомсельмаш” будуць земляробы сельгасфіліяла “Дрычын”. У мінулым годзе такі ж камбайн набыў сельгасфіліял “Чырвоны май”. КЗС-1218 складаюць асноўную частку збожжаўборачых камбайнаў у раёне — 43 адзінкі. 40 камбайнаў набылі ў сезоне 2012-2013 гадоў: у гэты перыяд была адноўлена асноўная частка тэхнікі. Нескладана палічыць, што сёння гэтыя камбайны маюць тэрмін службы больш за пяць гадоў і патрабуюць увагі з боку інжынерных службаў сельгасарганізацый.

— Падчас жніва камбайны таксама будуць штодзень праходзіць тэхнічнае абслугоўванне. Важна сачыць за станам тэхнікі, бо ад гэтага ў тым ліку залежыць пажарная бяспека, — працягвае Дзяніс Шырокі. — Усе камбайны абсталяваны сродкамі пажаратушэння, таксама на палях пастаянна будуць дзяжурыць ратавальнікі.

Праверку на практыцы — уборкай азімага рапсу — прайшлі таксама зернесушыльныя комплексы і вагавыя памяшканні. Хутка туды пачне паступаць збожжа новага ўраджаю.

Тэхніка для адвозкі збожжа таксама гатова для шматлікіх рэйсаў. Цалкам прадбачыць ход уборачнай кампаніі даволі складана, таму, калі гаспадаркі раптам не будуць спраўляцца з адвозкай збожжа, будуць задзейнічаны машыны з некаторых гарадскіх арганізацый.

Інжынерныя службы заўсёды працуюць на перспектыву гаспадарчага сезона і ўжо рыхтуюць да  выхаду ў  поле плугі  і  дыскатары. Паступова рыхтуюцца і  пасяўныя  агрэгаты:  хутка надыдзе час сеяць азімы рапс.

Разважаць пра вынікі гэтага гаспадарчага сезона пакуль рана, аднак ён  дакладна будзе асаблівым і адметным у параўнанні з папярэднімі. Значны адбітак на ход  жніва  наклала   надвор’е:  сёлета  шмат  палявых  работ    вядуцца  адначасова.

У гэтым годзе земляробам Пухавіччыны трэба ўбраць 30951 гектар.  У планах — атрымаць валавы збор збожжа 104,2 тысячы тон пры ўраджайнасці 31,7 цэнтнера з гектара, што забяспечыць выхад збожжа на адзін   бала-гектар  104,6  кіла-грама.

Азімыя культуры ў структуры збожжавага кліна займаюць 53 працэнта ад агульнай  плошчы збожжавых. Як падкрэсліваюць спецыялісты, гэта найбольш стабільныя па ўраджайнасці культуры.

У раёне пастаянна вядзецца работа па павелічэнні плошчаў пад валаўтваральныя  культуры. Да іх  адносяцца пшаніца,  трыцікале, ячмень. Яны займаюць плошчу 24336 гектараў, што складае 79 працэнтаў у структуры збожжавага кліна.

— Вясной пасяўная  прайшла хутка і арганізавана, мы ўклаліся ў агратэхнічныя тэрміны, — падкрэсліваюць спецыялісты агранамічнай службы ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама. — Такімі ж тэмпамі неабходна правесці і жніво.

Услед за камбайнамі на палях з’явяцца прэспадборшчыкі. Сёлета 44 адзінкі такой тэхнікі будуць задзейнічаны на ўборцы саломы. Пастаўлена задача нарыхтаваць  60 тысяч тон саломы з ўлікам  патрэб жывёлагадоўлі з плошчы 21 тысяча гектараў.

Традыцыйна падчас уборачнай кампаніі ў раёне будзе праходзіць спаборніцтва сярод лепшых камбайнёраў і вадзіцеляў. Перадавікі атрымаюць заслужаныя ўзнагароды. Яны, па прызнанні ўдзельнікаў жніва, рэчы прыемныя, але не першасныя. Галоўнае для працаўнікоў хлебнай нівы — атрымаць важкі каравай.

Кацярына ВЕРНІКОЎСКАЯ.

Чытаць 2676 разоў

© Пухавіцкі раённы выканаўчы камітэт, 2008-2020
Убачылі памылку на сайце?
Калі ласка, вылучыце тэкст з памылкай
і націсніце ctrl + enter

Яндекс.Метрика Распрацоўка і падтрымка сайта:
Група кампаній «ЦВР «КАСТРЫЧНІЦКI»