Адрас: 222811, Мінская вобласць,
г. Мар'іна Горка, вул. Ленінская, 47

РЭЖЫМ ПРАЦЫ
панядзелак - пятнiца

З 8:30 да 17:30
абед з 13:00 да 14:00
(прыём грамадзян і юрыдычных асоб згодна з зацверджаным графікам)

Тэлефон: +375 (1713) 3-51-66

Факс: +375 (1713) 6-05-96

«ГАРАЧАЯ ЛІНІЯ»: +375 (1713) 2-04-24
(у буднія дні з 8:30 да 17:30, абед з 13:00 да 14:00)

Адзіны даведачна-інфармацыйны нумар службы «адно акно »: 142

E-mail: isp@pukhovichi.gov.by 
(для дзелавой перапіскі)

Сацыяльныя сеткі: Інстаграм

13.12.2022

У нашым раёне рэалізуюцца ўнікальныя навуковыя распрацоўкі

Настаў час, як кажуць, пускаць навуку ў справу. Пачатыя ў 2017 годзе ў філіяле Інстытута прыродакарыстання Нацыянальнай акадэміі навук «Эксперыментальная база «Свіслач», які знаходзіцца ў гарадскім пасёлку Свіслач, работы па рэалізацыі інавацыйнага праекта па выпуску высокаэфектыўных угнаенняў новага пакалення са стадыі выпрабаванняў пераходзяць на этап доследна-прамысловай вытворчасці.

Тэхналогію вырабу комплексных грануляваных аргана-мінеральных угнаенняў пралангаванага дзеяння распрацавалі супрацоўнікі Інстытута прыродакарыстання Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Рэалізацыя навуковых распрацовак на практыцы ажыццяўляецца на эксперыментальнай базе «Свіслач».

На першапачатковым этапе ў механічным цэху гэтага прадпрыемства было выраблена эксперыментальнае абсталяванне для выпуску пробных партый комплексных грануляваных угнаенняў (КГУ). Гэта пілотная ўстаноўка была запушчана ў дзеянне ў 2019 годзе. З таго часу на ёй выпушчана больш за 100 тон КГУ.

Гэта інавацыйны прадукт, у склад якога ўваходзяць торф і мінеральныя ўгнаенні: калійныя, азотныя і фосфарныя, якія вырабляюцца ў Беларусі. Гэта значыць, уся сыравіна айчынная, што немалаважна ў склаўшайся санкцыйнай абстаноўцы.

У працэсе тэхналагічнай апрацоўкі гранулы КГУ не проста спалучаюць у сабе добрыя якасці асобна ўзятых арганічных і мінеральных угнаенняў, а набываюць дадатковыя ўласцівасці: узмацняюць і падаўжаюць дзеянне кожнага кампанента.

Палявыя выпрабаванні КГУ праводзіліся ў розных рэгіёнах рэспублікі і па заключэнні дзяржаўных упаўнаважаных экспертных арганізацый паказалі высокія вынікі: значны дадатак ураджайнасці сельскагаспадарчых культур і паляпшэнне якасці прадукцыі ў параўнанні са стандартнымі відамі мінеральных угнаенняў, скарачэнне затрат і паскарэнне правядзення палявых работ. Гранулы новых угнаенняў валодаюць павышанай устойлівасцю да вымывання пажыўных рэчываў з ворнага пласта глеб. Важна таксама і тое, што створаныя па інавацыйнай тэхналогіі павольна растваральныя аргана-мінеральныя ўгнаенні выключаюць неабходнасць правядзення дадатковых падкормак раслін, захоўваюць экалагічную чысціню глеб і падземных вод.

Аб першапачатковым этапе рэалізацыі інавацыйнага праекта па вытворчасці новых відаў угнаенняў у Пухавіцкім раёне газета «Пухавіцкія навіны» падрабязна інфармавала сваіх чытачоў. Далейшая работа па асартыменце ўгнаенняў, якія выпускаюцца на аснове торфу, пашырыла яго пералік і сферы прымянення. Праведзены выпрабаванні, сертыфікаваны і зарэгістраваны КГУ для кукурузы, цукровых буракоў, яравых збожжавых культур.

Выраблены і перададзены на вопытныя палявыя выпрабаванні партыі ўгнаенняў для гадавальнікаў садовых, дэкаратыўных і лясных культур, вытворцам лёну, фундуку і іншай прадукцыі.

Палявыя выпрабаванні ўгнаенняў пралангаванага дзеяння працягваюцца ў вядучых гаспадарках сельскагаспадарчага холдынгу кіравання справамі Прэзідэнта, ПУП «Палессе-Аграінвест», СГЦ «Заходні»; і іншых.

Для рэалізацыі наступнага этапу інавацыйнага праекта па вытворчасці новых відаў угнаенняў на эксперыментальнай базе «Свіслач» у 2019 годзе быў арганізаваны ўчастак тэхнічнага забеспячэння навукова-даследчых, доследна-канструктарскіх і тэхналагічных работ (НДДКТР) з мэтай мадэрнізацыі дзеючай пілотнай устаноўкі і стварэння на яе аснове доследна-прамысловай лініі і павелічэння аб'ёмаў выпускаемай прадукцыі.

Спецыялісты Інстытута прыродакарыстання вырабілі яшчэ адну доследную ўстаноўку па вытворчасці актыўных вуглёў на аснове торфу. У цяперашні час гэта эксперыментальнае абсталяванне рыхтуецца да запуску.

Распрацоўка накіравана на стварэнне першай у краіне ўласнай тэхналогіі атрымання вугляродных адсарбентаў, вытворчасць якіх пры высокім узроўні запатрабаванасці пакуль адсутнічае. Ужываць тарфяныя актыўныя вуглі можна першым чынам у ачыстцы прыродных і сцёкавых вод ад раствораных арганічных рэчываў.

Тарфяныя вуглі былі выпрабаваны пры ачыстцы пітной вады, сцёкавых вод шэрагу вытворчасцей, фармацэўтычных прэпаратаў і паказалі вынікі на 20-30 працэнтаў вышэй, чым вуглі прамысловых марак.

Вялікую цікавасць прадстаўляе новая распрацоўка для выкарыстання ў птушкагадоўлі. Прэпараты на аснове грануляванага торфу з біяцыднымі ўласцівасцямі эфектыўныя для стварэння і падтрымкі неабходнага мікраклімату ў памяшканнях птушкаферм. Яны забяспечваюць чысціню і стэрыльнасць, адсутнасць патагеннай мікрафлоры. Частковая замена традыцыйнага подсцілу з драўнянага пілавіння на тарфяную паказала магчымасць атрымаць дадатковую колькасць мясной прадукцыі за кошт зніжэння выбракоўвання птушкі, якая гадуецца.

— Мэтай інавацыйных праектаў з'яўляецца стварэнне буйнога прадпрыемства па глыбокай хімічнай перапрацоўцы торфу, — адзначае кіраўнік філіялам «Эксперыментальная база «Свіслач» Віктар Тамашэўскі. — Інстытутам у філіяле ствараюцца ўмовы для распрацоўкі вучонымі на практыцы новых тэхналогій.

Дарэчы, торф, які з'яўляецца іх асновай, з Пухавіцкага раёна — з месцаў здабычы філіяла «Тарфабрыкетны завод «Сяргеевіцкае» УП «Мінгаз». Навукоўцы даследавалі прыдатнасць мясцовага торфу для вытворчасці аргана-мінеральных угнаенняў і сцвярджаюць аб магчымасці арганізацыі буйнатанажнай вытворчасці ўгнаенняў і іншай прадукцыі на базе гэтага торфаздабываючага прадпрыемства.

— У перспектыве вялікага попыту на гэту прадукцыю сумнявацца не даводзіцца. За мінулы час атрыманы прапановы на супрацоўніцтва з Сахалінскай вобласці і іншых рэгіёнаў Расіі, Азербайджана, Турцыі, Кітая, — расказвае Віктар Тамашэўскі. — Зацікаўленасць у прымяненні такога віду ўгнаенняў на палях выказваюць многія беларускія аграрыі.

— Філіял Інстытута прыродакарыстання Нацыянальнай акадэміі навук «Эксперыментальная база «Свіслач» адкрыты для супрацоўніцтва з вытворцамі сельскагаспадарчай прадукцыі не толькі ў плане прыёму заказаў на пастаўкі ім комплексных грануляваных угнаенняў пралангаванага дзеянні, — адзначае кіраўнік філіяла. — Магчыма і выраб установак па выпуску КГУ, на якіх сельгаспрадпрыемствы самі змогуць вырабляць у неабходных ім аб'ёмах аргана-мінеральныя ўгнаенні па выбраных рэцэптах з дакладнай дазоўкай пажыўных элементаў для розных сельскагаспадарчых культур. Пры гэтым філіялам праведзены паспяховыя эксперыментальныя работы па выкарыстанні ва ўгнаеннях на аснове торфу і мінеральных кампанентаў кампостаў з курынага памёту, гною жывёлагадоўчых комплексаў. Выкарыстанне гэтай сыравіны сельскагаспадарчых прадпрыемстваў зніжае патрэбнасць у мінеральных дабаўках.

Можна таксама на кампактным абсталяванні вырабляць розныя пажыўныя грунты, рэгулюючы па сваім меркаванні прапорцыі розных кампанентаў, якія ўваходзяць у іх склад: торф, перагной, кампосты, біягумус, мінеральныя ўгнаенні. Дзякуючы гэтаму можна мадэляваць склады, напрыклад, для пэўных відаў расады. Гэта можа зацікавіць садаводаў, уладальнікаў цяпліц.

Арганізацыі, зацікаўленыя ў набыцці такіх тэхналагічных установак, могуць з імі пазнаёміцца на эксперыментальнай базе «Свіслач», як і з прадукцыяй, якую можна будзе на іх выпускаць.

Андрэй МАЗАНІК.

Чытаць 184 разоў

© Пухавіцкі раённы выканаўчы камітэт, 2008-2020
Убачылі памылку на сайце?
Калі ласка, вылучыце тэкст з памылкай
і націсніце ctrl + enter

Яндекс.Метрика Распрацоўка і падтрымка сайта:
Група кампаній «ЦВР «КАСТРЫЧНІЦКI»