Адрас: 222811, Мінская вобласць,
г. Мар'іна Горка, вул. Ленінская, 47

РЭЖЫМ ПРАЦЫ
панядзелак - пятнiца

З 8:30 да 17:30
абед з 13:00 да 14:00
(прыём грамадзян і юрыдычных асоб згодна з зацверджаным графікам)

Тэлефон: +375 (1713) 3-51-66

Факс: +375 (1713) 6-05-96

«ГАРАЧАЯ ЛІНІЯ»: +375 (1713) 2-04-24
(у буднія дні з 8:30 да 17:30, абед з 13:00 да 14:00)

Адзіны даведачна-інфармацыйны нумар службы «адно акно »: 142

E-mail: isp@pukhovichi.gov.by 
(для дзелавой перапіскі)

Сацыяльныя сеткі: Інстаграм

05.09.2022

У Мар'інай Горцы прайшла сустрэча маладых спецыялістаў

У Мар'інай Горцы прайшла сустрэча маладых спецыялістаў са старшынёй райвыканкама Андрэем Атрушкевічам.

Сёлета ў арганізацыі і на прадпрыемствы нашага раёна прыбылі больш за 300 маладых спецыялістаў. Іх цёпла прынялі ў працоўных калектывах. Аднак любы чалавек, трапляючы ў новую для сябе абстаноўку, сутыкаецца з пэўнымі цяжкасцямі. Магчымасць спытаць, як іх абысці або пазбегнуць, у маладых людзей ужо была: сустрэчы з маладымі спецыялістамі правялі ўсе намеснікі старшыні райвыканкама па напрамках дзейнасці, запрасіўшы на іх экспертаў, якія маглі даць карысныя парады. Завяршальнай у гэтай серыі стала сустрэча са старшынёй раённага выканаўчага камітэта Андрэем Атрушкевічам. На мерапрыемства ў якасці экспертаў запрасілі таксама шэраг аўтарытэтных у раёне людзей, якія ў ходзе сустрэчы падзяліліся з моладдзю сваім асабістым вопытам, сказалі ім словы наказу.

Андрэй Атрушкевіч, старшыня раённага выканаўчага камітэта:

— Сардэчна запрашаем у цэнтр Беларусі. Для нашага раёна вы — разумныя і таленавітыя, поўныя ідэй і планаў, — з'яўляецеся вялізным стваральным патэнцыялам, яго працоўным, інтэлектуальным і творчым рэсурсам. Як адзначыў Кіраўнік дзяржавы, важна, каб моладзь рухала краіну наперад. Але пры гэтым абапіралася на досвед старэйшых пакаленняў і традыцыі. Таму мы чакаем ад вас самааддачы, надання новага імпульсу развіццю нашага раёна. Гэта стане лагічным працягам працы многіх пакаленняў пухаўчан.

Людміла Гулякевіч, старшыня раённага аб'яднання прафсаюзаў:

— Свае правы прафсаюзы рэалізуюць праз калектыўна-дагаворнае рэгуляванне. У калектыўных дагаворах замацоўваюцца дадатковыя нормы, гарантыі для членаў прафсаюзаў, у тым ліку і канкрэтна для маладых спецыялістаў. Вельмі прыемна, калі моладзь займае актыўную пазіцыю, праяўляе ініцыятыву. І ў многіх калектыўных дагаворах за актыўны ўдзел у грамадскім жыцці прадпрыемства прадугледжана фінансавая дапамога. У калектыўных дагаворах для маладых спецыялістаў прапісаны і такія нормы, як кампенсацыя аплаты за наём жылых памяшканняў, аднаразовая дапамога на добраўпарадкаванне побыту, аплату праезду да месца працы. Пры шлюбе маладых людзей, нараджэнні дзяцей таксама аказваецца пэўная дапамога. Яшчэ варта ўзяць на заметку: у ФПБ ёсць 13 сваіх санаторыяў, у якія члены прафсаюза могуць набыць пуцёўку са скідкай 25 працэнтаў. Звяртайцеся ў свой прафсаюзны камітэт, дзе вам заўсёды дапамогуць вырашыць узнікшыя пытанні. Старшыня прафкама ніколі не пакіне вас сам-насам з праблемамі.

Дзяніс Зубенка, дырэктар Мар'інагорскага аграрна-тэхнічнага каледжа імя Уладзіміра Лабанка:

— Вы зноў вучыцеся, толькі ўжо на сваім працоўным месцы. І вельмі важна для ўсіх маладых спецыялістаў на гэтым этапе не баяцца рабіць памылкі. Трэба памятаць: не памыляецца той, хто нічога не робіць. Ва ўсіх людзей ёсць прамашкі і няўдачы, усе людзі памыляюцца. І не трэба гэтага баяцца. Ёсць такі баксёр Мухамед Алі. Ён казаў: «Мяне шмат разоў білі. Я шмат разоў падаў. Але я яшчэ больш разоў уставаў пасля гэтых падзенняў. І кожнае падзенне матывавала мяне на яшчэ большыя мэты.

Сёння вы працуеце на свой аўтарытэт. Але настане час, і гэты аўтарытэт будзе працаваць на вас. Аўтарытэт цяжка зарабіць, але яго лёгка разгубіць — адным няслушным учынкам, словам. Я хачу, каб вы не толькі заваявалі гэты аўтарытэт, але і захавалі яго. На працы будзьце не шэрай мышкай, а асобай з грамадзянскай правільнай цвёрдай пазіцыяй. Будзьце патрыётамі сваёй краіны. А гэта вельмі проста: трэба любіць і паважаць сваіх бацькоў, людзей старэйшага пакалення, любіць і паважаць сваю Радзіму Рэспубліку Беларусь. І тады ўсё атрымаецца.

Дзмітрый Лімараў, дырэктар ААТ «Машхарчпраду»:

— Я на Пухаўшчыну прыехаў пасля заканчэння ВНУ па размеркаванні больш за дваццаць гадоў таму. І за ўвесь час пражывання тут ні разу не пашкадаваў, што патрапіў менавіта ў гэты раён. Я думаю, што вы яшчэ адчуеце, наколькі тут добра і камфортна. Па-першае, лагістыка: побач Мінск. У нас шмат прадпрыемстваў, дзе вы можаце сябе праявіць. Таму шануеце зямлю, на якой зараз жывяце. Паважайце тых, хто побач з вамі: каманда можа зрабіць шмат. І любіце працу, няхай яна вам прыносіць задавальненне, і тады, як казаў Канфуцый, вы не будзеце працаваць ніводнага дня.

Дар'я Новікава, загадчык рэанімацыйнага аддзялення Мар'інагорскай цэнтральнай раённай бальніцы:

— У мяне быў цяжкі шлях для таго, каб аказацца на гэтай сцэне. Яшчэ месяц таму я сама была маладым спецыялістам. І я разумею, колькі чакае цяжкасцяў усіх, хто пачынае свой працоўны шлях. Хочацца сказаць, што ніколі не трэба падаць духам, навучыцца браць сябе ў рукі ў самыя складаныя моманты. І ніколі не трэба забывацца на тое, што побач ёсць старэйшыя калегі. Звяртайцеся да іх. Вам ніхто ніколі не адмовіць. Прыўносьце новае ў сваю сферу дзейнасьці. У гэтым плане на вас зараз вялікая надзея. Асабіста мне не хочацца сыходзіць з раёна. Тут у мяне добры старт у кар'еры і шмат магчымасцей. І маладым спецыялістам жадаю развіцця.

Павел Шайтанаў, старшыня маладзёжнага парламента пры Пухавіцкім раённым Савеце дэпутатаў:

— Сярод маладых людзей нямала тых, хто ўпэўнены, што дагрукацца да вярхоў немагчыма. А сёння мы маем магчымасць змяніць сітуацыю. Створаны маладзёжныя парламенты розных узроўняў. Маладыя парламентарыі з'яўляюцца пасярэднікамі паміж дзяржаўнай уладай і сваім пакаленнем. Яны разумеюць праблемы свайго пакалення і могуць іх у працэсе абмеркавання данесці да заканадаўчай і выканаўчай улады. Галоўная задача маладзёжнага парламента любога ўзроўню — павышэнне якасці жыцця моладзі. А асаблівасць — свабодная і адкрытая камунікацыя. Ёсць праблема — мы дапаможам яе вырашыць, ёсьць ідэя — мы дапаможам яе рэалізаваць.

Наталля ПАРХОМЧЫК.

Чытаць 219 разоў

© Пухавіцкі раённы выканаўчы камітэт, 2008-2020
Убачылі памылку на сайце?
Калі ласка, вылучыце тэкст з памылкай
і націсніце ctrl + enter

Яндекс.Метрика Распрацоўка і падтрымка сайта:
Група кампаній «ЦВР «КАСТРЫЧНІЦКI»