Адрас: 222811, Мінская вобласць,
г. Мар'іна Горка, вул. Ленінская, 47

РЭЖЫМ ПРАЦЫ
панядзелак - пятнiца

З 8:30 да 17:30
абед з 13:00 да 14:00
(прыём грамадзян і юрыдычных асоб згодна з зацверджаным графікам)

Тэлефон: +375 (1713) 3-51-66

Факс: +375 (1713) 6-05-96

«ГАРАЧАЯ ЛІНІЯ»: +375 (1713) 2-04-24
(у буднія дні з 8:30 да 17:30, абед з 13:00 да 14:00)

Адзіны даведачна-інфармацыйны нумар службы «адно акно »: 142

E-mail: isp@pukhovichi.gov.by 
(для дзелавой перапіскі)

Сацыяльныя сеткі: Інстаграм

25.08.2022

Як установы адукацыі ў пасёлку Праўдзінскі падрыхтаваліся да пачатку навучальнага года

Раскажам і пакажам, як установы адукацыі ў пасёлку Праўдзінскі рыхтуюцца да пачатку навучальнага года.

З першага верасня ў Пухавіцкім раёне дзяцей прыме 54 установы адукацыі. У тым ліку 19 дзіцячых садоў, 1 гімназія, 13 сярэдніх школ, 2 базавыя школы, 4 навучальна-педагагічных комплексы дзіцячы сад-сярэдняя школа, 6 навучальна-педагагічных комплексаў дзіцячы сад-базавая школа.

Па папярэдніх дадзеных пачнуць навучанне 7364 навучэнцаў. З іх 815 — першакласнікі, 234 — 10-я класы, 216 — 11-я класы.

1 верасня ва ўсіх навучальных установах краіны празвініць першы званок. У гэты дзень у каледжах, школах, ліцэях, універсітэтах і іншых установах адукацыі стартуе чарговы новы навучальны год.

Ужо зараз дзеці вяртаюцца з летніх лагераў і пачынаюць рыхтавацца да вучобы. А работнікі ўстаноў адукацыі завяршаюць апошнія падрыхтаванні да таго, каб вучні пачалі яе ў камфортных умовах.

Пройдзем па ціхіх школьных паверхах

Для тых, хто ідзе першы раз у першы клас, Дзень ведаў — гэта новы сур'ёзны этап у жыцці. Праўдзінская сярэдняя школа плануе прыняць 30 першакласнікаў. А ўсяго ў новым навучальным годзе ў яе прыйдзе больш за 260 чалавек.

— Наша ўстанова адукацыі адкрылася ў 1968 годзе, — расказвае дырэктар школы Ірына Марцінчык. — Будынак знаходзіцца ў добрым стане, таму што касметычным рамонтам займаемся ўвесь час.

Да афармлення інтэр'ераў тут падыходзяць з крэатывам і ў адпаведнасці з сучаснымі патрабаваннямі. У гэтым годзе ўпор зрабілі на рамонце трэцяга паверха і класаў пачатковай школы, а таксама падрыхтавалі кабінет намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце.

Дапамогу аказалі бацькі, работнікі школы, якія прадумвалі дызайн памяшканняў. Школа зараз адыходзіць ад выкарыстання папяровых шпалер. Прымяняюцца сучасныя матэрыялы. Абнавілі каляровую гаму і ў школьнай сталовай, дзе таксама адрамантавалі харчаблок, набылі новы посуд.

— У мінулым годзе філіял «ТБЗ «Сяргеевіцкае» УП «МІНГАЗ» дапамагаў школе з мэбляй, у цяперашнім — з будматэрыяламі, — расказвае Ірына Леанідаўна. — Таксама прадпрыемства дапамагае нам абкошваць прышкольны ўчастак. А 30 жніўня нашы шэфы ў якасці падарунка плануюць арганізаваць свята, прысвечанае пачатку навучальнага года.

У Праўдзінскай школе дзейнічае кабінетная сістэма. У новым навучальным годзе адкрываецца кабінет па ваенна-патрыятычным выхаванні. IT-кампанія EPAM аказала спонсарскую дапамогу ў абсталяванні гэтага і іншых класаў: дапамаглі закупіць магнітныя дошкі, крэслы, стэлажы.

Сумесна з бацькоўскім камітэтам, педагагічным калектывам і Саветам школы была вызначана каляровая гама афіцыйна-дзелавога стылю адзення вучняў у новым годзе: у ёй будуць выкарыстоўвацца сіні і чорны колеры. На значку з эмблемай школы намаляваны сонца і кніга з надпісам: «Будзем разам думаць, шукаць, вучыцца, тварыць сябе і свет».

Практычна кожны год у школу прыбываюць маладыя спецыялісты. Сёлета да працы прыступіць выкладчыца пачатковых класаў Алена Осіпчык.

— У новы калектыў педагогі ўліваюцца даволі лёгка. Гэта вельмі актыўныя, творчыя, старанныя людзі. Многія працягваюць вучыцца ў вышэйшых навучальных установах, — кажа дырэктар школы Ірына Марцінчык.

У Праўдзінскай школе, дарэчы, ёсць педагогі, якія былі яе выпускнікамі. У гэтым годзе ўстанова адукацыі выпусціла 8 навучэнцаў, трое з якіх выбралі прафесію педагога. Ёсць надзея, што і яны вернуцца ў родную школу.

Зазірнем да дашкалятаў

У новым навучальным годзе ДУА «Праўдзінскі яслі-сад» будзе наведваць 108 чалавек. 23 дзіцяці дапоўняць першую малодшую групу. На дадзены момант яна ўжо функцыянуе.

— Для дзяцей мы стварылі развіваючае асяроддзе з дыдактычных гульняў па сэнсорыцы, таму што малым неабходна ведаць асноўныя колеры, геаметрычныя фігуры, развіваць маторыку рук. Дзецям таксама падабаюцца музычныя ігры і тэатральныя паказы. Усё гэта мы выкарыстоўваем у працы, — расказвае выхавальнік першай малодшай групы Наталля Кузіна.

Да новага навучальнага года будынак змяніўся як знутры, так і звонку. Усе запланаваныя падрыхтоўчыя работы выкананы: работнікі дзіцячага сада і бацькі прынялі актыўны ўдзел у азеляненні прылеглай тэрыторыі.

Адмысловую ўвагу надалі касметычнаму рамонту ў групах, спальнях, каморах і кабінеце выяўленчага мастацтва. А тэатральная студыя змянілася да непазнавальнасці.

Такія перамены ва ўстановах адукацыі — сапраўдны падарунак юным жыхарам пасёлка.

Алеся СМІРНОВА.

Чытаць 219 разоў

© Пухавіцкі раённы выканаўчы камітэт, 2008-2020
Убачылі памылку на сайце?
Калі ласка, вылучыце тэкст з памылкай
і націсніце ctrl + enter

Яндекс.Метрика Распрацоўка і падтрымка сайта:
Група кампаній «ЦВР «КАСТРЫЧНІЦКI»