Адрас: 222811, Мінская вобласць,
г. Мар'іна Горка, вул. Ленінская, 47

РЭЖЫМ ПРАЦЫ
панядзелак - пятнiца

З 8:30 да 17:30
абед з 13:00 да 14:00
(прыём грамадзян і юрыдычных асоб згодна з зацверджаным графікам)

Тэлефон: +375 (1713) 3-51-66

Факс: +375 (1713) 6-05-96

«ГАРАЧАЯ ЛІНІЯ»: +375 (1713) 2-04-24
(у буднія дні з 8:30 да 17:30, абед з 13:00 да 14:00)

Адзіны даведачна-інфармацыйны нумар службы «адно акно »: 142

E-mail: isp@pukhovichi.gov.by 
(для дзелавой перапіскі)

Сацыяльныя сеткі: Інстаграм

22.03.2022

Дзве трагедыі вёскі Прыстань

Пра трагедыю, што здарылася ў вёсцы Хатынь 22 сакавіка 1943 года, вядома кожнаму беларусу. І кожны ведае, што ў Хатыні тысячы «вогненных сясцёр». І ў нашым раёне ёсць вёскі, спаленыя карнікамі разам з жыхарамі. Адна з іх – Прыстань.

У гады акупацыі фашысты знішчалі вёску двойчы: у першы раз загінулі практычна ўсе мужчыны, у другі – у асноўным жанчыны і дзеці, і сама вёска. Пра гэта сведчаць складзеныя партызанамі дакументы.

Акт аб спаленні нямецкімі акупантамі в. Прыстань Рудзенскага раёна і расстрэле яе жыхароў

9 снежня 1943 г.

1943 года, 10 снежня, 9-га дня складзены сапраўдны акт у в. Прыстань Рудзенскага р-на Мінскай вобласці ў наступным:

    1. Раптовым налётам на вёску Прыстань наземнай вайсковай часткі немцаў карны атрад у гарадскім пасёлку Мар'іна Горка з удзелам паліцыянтаў шостага мая 1942 (тысяча дзевяцьсот сорак другога) года ўсе мужчыны в. Прыстань спачатку былі сагнаны ў адно месца і пастроены ў шэраг, а затым пасля здзекаў і збіцця расстраляны фашыстамі, прычым забіта 128 чалавек. З іх в/абавязаных ва ўзросце да 55 гадоў – 105 (сто пяць чалавек) і старых – 23 (дваццаць тры) чалавекі, акрамя таго 4 (чатыры) чалавекі цяжка паранена.
    2. Раптоўным налётам на вёску 21 (дваццаць першага) кастрычніка 1942 года наземная вайсковая частка немцаў сумесна з паліцыянтамі з Шацкага гарнізона спалена в. Прыстань, прычым спалена 123 (сто дваццаць тры) дамы і 258 (дзвесце пяцьдзясят восем) халодных гаспадарчых пабудоў, а трапіўшых у рукі фашыстаў грамадзян апошнія па-зверску забівалі. Прычым спалена фашыстамі жывымі ў агні 38 (трыццаць восем) чалавек. Расстраляны з кулямётаў, вінтовак і кіданнем гранаты ў склепы-прытулкi 95 (дзевяноста пяць) чалавек. Усяго за гэты зверскі налёт забіта 133 (сто трыццаць тры) чалавека, з якіх мужчын в/абавязаных да 55 гадоў 3 чалавека, старых 3 чалавека, жанчын да 50 гадоў 50 чалавек, старых 12 чалавек, дзяцей ад 10 да 16 гадоў 24 чалавека і дзяцей да 10 гадоў – 41 чалавек.
  1. У выніку 2 (двух) тэрарыстычных актаў фашыстаў і паліцыянтаў на в. Прыстань апошнімі па-зверску расстраляны 261 (дзвесце шэсцьдзесят адзін) чалавек мірных грамадзян. Дзяцей да 10 гадоў – 41 (сорак адзін) чал., ад 10 да 16 гадоў – 24 (дваццаць чатыры) чалавекі, жанчын да 50 гадоў – 50 чалавек, старых – 12 чалавек, мужчын да 55 гадоў в/абавязаных – 108 чал. і старых – 26 чалавек, а ўсяго 261 чалавек. Пра што і склалі сапраўдны акт* («Трагедыя беларускіх вёсак 1941–1944. Дакументы і матэрыялы», Мінск —Масква, 2011).

У Дзень памяці ўсіх спаленых вёсак, які ў Беларусі адзначаецца 22 сакавіка, у Прыстані ля помніка ахвярам фашысцкіх акупантаў адбыўся мітынг, удзел у якім прынялі прадстаўнікі раённага Савета дэпутатаў і раённага выканаўчага камітэта, сілавых структур, грамадскіх арганізацый, ветэраны, школьнікі, мясцовыя жыхары. Удзельнікі мерапрыемства ўсклалі кветкі да мемарыяла і ўшанавалі памяць загінуўшых хвілінай маўчання.

22 03 2022 65 4

Марыя Клімовіч, старшыня раённага Савета дэпутатаў.

— Сёння мы сабраліся, каб ушанаваць памяць жыхароў беларускіх вёсак, якія былі спалены нацыстамі і іх памагатымі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Трагедыя Хатыні і тысяч вёсак і гарадоў з такім самым лёсам — гэта несуцішальны боль у сэрцы беларусаў. 2022 — гэта Год гістарычнай памяці, які праходзіць пад знакам захавання гістарычнай спадчыны і праўды пра ўсе перыяды жыцця беларускага народа. Святы абавязак кожнага беларуса памятаць самому пра гэта і не дазваляць забывацца іншым, не даваць скажаць праўду пра гісторыю нашай краіны. Мы, цяперашняе пакаленне, абавязаны захаваць памяць аб падзеях тых гадоў і перадаць яе сваім нашчадкам, каб кожны ведаў і памятаў, які кошт заплачаны за нашу магчымасць жыць у незалежнай краіне, пад мірным небам. Сёння, як ніколі, сваім жыццём, вучобай, працай, службай, выхаваннем дзяцей кожны з нас абавязаны падтрымаць сістэмныя дзеянні дзяржавы, захаваць памяць аб загінуўшых. Мы абавязаны гэта зрабіць, каб усцерагчы і ўмацаваць адзінства нашага народа. Нашы дзеці, унукі павінны ведаць цану міру і свабоды.

22 03 2022 65 5

Уладзімір Фёдаравіч Тамело, савецкі і беларускі ваенны інжынер, кандыдат ваенных навук, дацэнт, прафесар Акадэміі ваенных навук Расійскай Федэрацыі, палкоўнік у адстаўцы.

— У новай Канстытуцыі, якую мы прынялі 27 лютага, запісана, што памяць аб гістарычным мінулым з'яўляецца свяшчэннай для кожнага грамадзяніна Беларусі. У памяць аб ахвярах генацыду беларускага народа павінны быць адноўлены ўсе нюансы трагедый, падобных да тых, што адбыліся ў Прыстані. Цяпер адкрыта крымінальная справа, у рамках якой яшчэ застаўшыяся ў жывых карнікі павінны быць устаноўлены і прыцягнуты да адказнасці. Памяць аб загінуўшых людзях святая для нас. Схілім галовы перад імі.

22 03 2022 65 6

Наталля Голуб, навучэнка 11 класа ДУА «Праўдзінская сярэдняя школа».

— Нам, маладым, пашчасціла нарадзіцца ў мірны час, у цудоўнай краіне — Беларусі. У яе ёсць свая гісторыя, свае традыцыі, свая культура. За шматвяковую гісторыю Беларусь была заваявана шмат разоў, але сама ніколі не была заваёўнікам. Толькі ў гады Вялікай Айчыннай вайны загінуў кожны трэці беларус. Але наш народ цвёрды і рашучы, адданы сваёй Радзіме. Таму яму ўдалося годна прайсці праз усе выпрабаванні. Для мяне Беларусь — гэта мае сябры, бацькі, бабулі і дзядулі, якія ваявалі за сваю краіну. «За моцную і квітнеючую Беларусь», — у гэтым закліку гучыць надзея на светлую будучыню, якая залежыць толькі ад выбару кожнага чалавека. Трагедыя вёскі Прыстань — прамы доказ таго, што мірны час трэба берагчы і шанаваць. Мы, маладое пакаленне, памятаем, якім коштам заваявана шчасце.

Фота: Станіслаў Белавусаў.

Тэкст: Наталля ПАРХОМЧЫК.

Чытаць 738 разоў

© Пухавіцкі раённы выканаўчы камітэт, 2008-2020
Убачылі памылку на сайце?
Калі ласка, вылучыце тэкст з памылкай
і націсніце ctrl + enter

Яндекс.Метрика Распрацоўка і падтрымка сайта:
Група кампаній «ЦВР «КАСТРЫЧНІЦКI»