Адрас: 222811, Мінская вобласць,
г. Мар'іна Горка, вул. Ленінская, 47

РЭЖЫМ ПРАЦЫ
панядзелак - пятнiца

З 8:30 да 17:30
абед з 13:00 да 14:00
(прыём грамадзян і юрыдычных асоб згодна з зацверджаным графікам)

Тэлефон: +375 (1713) 3-51-66

Факс: +375 (1713) 6-05-96

«ГАРАЧАЯ ЛІНІЯ»: +375 (1713) 2-04-24
(у буднія дні з 8:30 да 17:30, абед з 13:00 да 14:00)

Адзіны даведачна-інфармацыйны нумар службы «адно акно »: 142

E-mail: isp@pukhovichi.gov.by 
(для дзелавой перапіскі)

Сацыяльныя сеткі: Інстаграм

16.11.2021

Маленькае даследаванне вялікага дарожнага пытання

На адной з нарад у раённым выканаўчым камітэце абмяркоўвалася пытанне аб замене на вуліцах Мар'інай Горкі звычайных свяцілень на святлодыёдныя. Падчас размовы старшыня райвыканкама Віктар Каляда засяродзіў увагу на тым, што найперш зрабіць гэта трэба ў пешаходных пераходаў. Наступіў перыяд, калі рана цямнее, і ў неасветленых месцах вуліц мінакі ператвараюцца ў «прывідаў», асабліва калі ў іх няма флікераў. Таму больш вострым становіцца пытанне бяспекі на дарогах.

У сувязі з агучанай праблемай захацелася паглядзець, колькі ў нашым горадзе дрэнна асветленых пешаходных пераходаў. Дапамагчы зрабіць гэта я папрасіла не супрацоўніка ДАІ, а свайго добрага знаёмага, аўтамабіліста са стажам, які ведае ўсе закуткі Мар'інай Горкі. Цікава было пачуць меркаванне жыхара нашага горада.

Мой калега па рэпартажы — чалавек цікавы, таму размова не засяродзілася на адной тэме і ішла ўвогуле пра ўсё, што можа збянтэжыць, насцярожыць, рассмяшыць, замілаваць на гарадскіх вуліцах.

— На якіх вуліцах у нашым горадзе зашмат пешаходных пераходаў, а дзе іх не хапае? — спытала я ў пачатку размовы.

— Кіроўцу чым менш «зебр» намалявана на дарозе, тым лепш, а пешаходу — наадварот, — жартуе Мікалай.

У гэтым жарце, як звычайна, толькі доля жарту. У кожнага бока свая цікавасць. А тым, хто прымае рашэнні аб уладкаванні пешаходных пераходаў, трэба выконваць баланс гэтых інтарэсаў і знаходзіць залатую сярэдзіну.

Пакуль я разважала на гэту тэму, мы прыехалі ў цэнтр горада на вуліцу Кастрычніцкую, дзе некалькі пешаходных пераходаў добраўпарадкавана літаральна ў крокавай даступнасці адзін ад аднаго. Я спытала ў Мікалая, ці не раздражняе гэта яго як вадзіцеля?

— Да таго, што ў гэтым месцы даводзіцца часта прытармажваць, я стаўлюся спакойна, — агучвае сваю пазіцыю Мікалай. — Для мяне важна, каб усе пешаходы карысталіся менавіта пераходамі, а не перабягалі праезную частку ў неналежным месцы. І не забывалі аб тым, што кіроўцы — таксама людзі і не заўсёды хутка могуць зрэагаваць на пазаштатную сітуацыю. Ацаніце становішча — і толькі тады ідзіце наперад.

Якраз у момант размовы мы назіралі за маладым чалавекам, які ступіў на «зебру», не звяртаючы ўвагі на аўтамабілі на праезнай частцы.

— Правілы дарожнага руху абавязковыя для выканання не толькі кіроўцамі, але і пешаходамі, — пракаментаваў Мікалай. — А тамака прапісана: пераходзіць дарогу можна, толькі пераканаўшыся, што вынахад на праезную частку бяспечны. Гэта разумеюць, як часам здаецца, нават хатнія жывёлы.

І Мікалай распавядае гісторыю, сведкам якой быў сам. У раёне сярэдняй школы №4 да пешаходнага пераходу падышлі дзяўчынка з сабачкам. Песік па «зебры» перабег вуліцу, а ў дзяўчынкі перайсці ніяк не атрымлівалася: кіроўцы не прапускалі. І тады чацвераногі сябар вырашыў дапамагчы сваёй юнай гаспадыні: сабачка вярнуўся на праезную частку, сеў на «зебры»; прыкладна на сярэдзіне дарогі і не сышоў, пакуль дзяўчынка не перайшла вуліцу.

Можна замілавацца. Але гэта гісторыя не толькі пра вернага чацвераногага сябра, але і пра кіроўцаў, якія не звярталі ўвагі на дзіця, якое баялася ступіць на праезную частку, пакуль машыны не спыняцца. Знаёмая карціна. А, між тым, дзяўчынка ўсё правільна рабіла.

Далей на нашым шляху было самае праблемнае месца ў горадзе — скрыжаванне ля чыгуначнага пераезда. Яго, як мне здаецца, асцерагаюцца і кіроўцы, і пешаходы.

Пераезд быў зачынены, і я ў першую чаргу звярнула ўвагу на аўтамабілі, якія стаялі на «зебры». Правілы дарожнага руху забараняюць вадзіцелям заязджаць на пешаходны пераход, нават калі ўтварыўся затор, які вымушае іх там спыніцца. Але ў гэтым месцы вадзіцелі такую ​​забарону парушаюць пастаянна. А яшчэ, калі іх раздражняе сітуацыя, часта непахвальна адклікаюцца аб пешаходах, якіх яны вымушаны прапускаць. Рыхтавалася пачуць нешта падобнае і ад Мікалая.

— Тут за кошт таго, што абсталяваны пешаходны пераход, часам можна раз'ехацца, — ашаламіў ён мяне. — Пакуль пешаходы пераходзяць дарогу, машыны прытармажваюць, і пры пэўнай сітуацыі можна праскочыць. Праўда, не зусім па правілах.

Едзем на вуліцу Валадарскага. Тут Мікалай звяртае ўвагу на пешаходныя дарожкі, якія ад праезнага боку аддзелены раздзяляльнымі лініямі. За апошнія гады яны з'явіліся і ў горадзе, і ў сельскіх населеных пунктах. У мяне ёсць знаёмыя — супернікі ўсякіх бардзюраў, і ім такі варыянт вельмі падабаецца. У Мікалая сваё меркаванне на гэты конт.

— Я лічу, што бардзюр засцерагае жыццё пешахода, — растлумачыў ён сваю пазіцыю. — Вядома, для мяне як кіроўцы лінія — гэта добра. Я маю права заязджаць на гэту паласу, і спыніцца можна, калі ўзнікла такая неабходнасць. Але для пешахода, на маю думку, лепш, калі паміж праезнай і пешаходнай часткай дарогі ёсць перашкода, няхай і ў выглядзе бардзюра. Паўтараю, гэта толькі маё меркаванне.

А далей Мікалай паказаў мне рэчы крыху кур'ёзныя. Мы выехалі на ўскраіну горада з боку Блоні. Перамяшчаліся па грунтовай дарозе да скрыжавання з вуліцай Вішнёвай. Тут пакуль пустка, і мінакі сустракаюцца надзвычай рэдка, але дарожныя знакі, якія абазначаюць пешаходны пераход, устаноўлены.

— Навошта ў полі патрэбны знакі? — агучыў пытанне, якое я паспела задаць сама сабе, Мікалай. — Будзем лічыць, што гэта задзел на будучыню. Калі-небудзь раздадуць участкі пад будаўніцтва, тут пачнуць ездзіць машыны. А пешаходныя пераходы ўжо абазначаны!

Мы паўсміхаліся і паехалі па ўжо будуемаму мікрараёну, усярэдзіне якога, дарэчы, ніводнага дарожнага знака не бачылі.

Пытаюся ў Мікалая: а якая ў яго як у кіроўцы самая нялюбая вуліца?

— Ратавальнікаў, — адказаў ён. — Там тратуары для пешаходаў ёсць толькі на вельмі кароткім участку. А так на ўсім працягу людзі ходзяць па праезнай частцы. І пешаходаў там нямала, хаця жылых дамоў няма.

Вуліцу Ратавальнікаў у недалёкай будучыні чакае маштабная рэканструкцыя, і тады праблема знікне. А пакуль мы па ёй ехалі, назіралі, як адхінаюцца ад машын і дарослыя, і дзеці.

Уехалі на вуліцу Новая Зара ў раёне дзіцячай школы мастацтваў, ужо калі сцямнела. І тут адразу ўбачылі праблему, агучаную старшынёй райвыканкама: пешаходны пераход, і каля яго «сляпы» ліхтар, які практычна не асвятляе дарогу. А на пераходзе — сілуэт дзяўчынкі, у якой, дарэчы, не было флікера.

— Пра флікеры трэба абавязкова нагадаць, — кажа Мікалай. — Гэта таксама бяспека пешахода. Яго адсутнасць пешаходу можа жыцця каштаваць, а кіроўцу — свабоды на шмат гадоў. І так, і так — бяда.

Пешаходаў без флікераў за час нашага своеасаблівага рэйду мы сустрэлі не раз. Прычым у такіх месцах, дзе наяўнасць гэтай маленькай штучкі была не проста пажадана, а абавязкова. Напрыклад, ля чыгуначнага пераезду з талькаўскага боку. Праз яго і пешаходных дарожак няма, і ліхтары ў гэтым месцы таксама адсутнічаюць. А людзі ходзяць.

Але вернемся да Новай Зары. Пакуль мы ехалі ў бок СШ №3, Мікалай паказаў мне некалькі месцаў, дзе пешаходаў проста запрашаюць парушаць правілы дарожнага руху: на вуліцы некалькі тратуараў ад жылых дамоў выходзяць прама да праезнай часткі, а «зебры» там няма. Зразумела, што людзі ў гэтых месцах не згортваюць да найбліжэйшага пешаходнага пераходу, а парушаюць правілы дарожнага руху. Такая карціна, дарэчы, назіраецца і ля чыгуначнага пераезду з мінскага боку. Там таксама тратуары падыходзяць да праезнай часткі, а «зебры» далей няма. Тут або тратуары перапланаваць, або пераходы аформіць.

Выязджаем на вуліцу, дзе каля некаторых пешаходных пераходаў наогул няма ліхтароў, — Армейская! І тут наглядна было відаць, што меў на ўвазе Віктар Міхайлавіч Каляда, калі казаў пра асветленасць пешаходных пераходаў. У такіх месцах сапраўды складана і пешаходам, і вадзіцелям.

Скончылася наша паездка на аптымістычнай ноце. Свой імправізаваны рэйд мы завяршылі на вуліцы Пятра Гучка. Тут на вулічных слупах ужо ззяюць святлодыёдныя ліхтары, ад якіх дастаткова святла, каб кожны вадзіцель мог бачыць кожнага пешахода на пешаходным пераходзе.

— Выдатна,— выказаў сваё меркаванне Мікалай, калі мы раставаліся. — Чакаем, калі такім будзе ўвесь горад.

Па такім жа добра асветленым пераходзе я перасякала вуліцу Паслядовіча, калі ішла дадому. Вынік гэтага дня — разуменне, што ёсць праблемы, але ёсць і зрухі ў іх вырашэнні. Гэта — проста жыццё, да якога ўсе мы ставімся па-рознаму. Тамака, дзе адны бачаць плюсы, іншыя бачаць мінусы. І наадварот. Наша з Мікалаем маленькае даследаванне дарожнага пытання гэта таксама паказала.

Наталля ПАРХОМЧЫК

Крыніца: http://www.gorka.by

Чытаць 590 разоў

© Пухавіцкі раённы выканаўчы камітэт, 2008-2020
Убачылі памылку на сайце?
Калі ласка, вылучыце тэкст з памылкай
і націсніце ctrl + enter

Яндекс.Метрика Распрацоўка і падтрымка сайта:
Група кампаній «ЦВР «КАСТРЫЧНІЦКI»