Адрас: 222811, Мінская вобласць,
г. Мар'іна Горка, вул. Ленінская, 47

РЭЖЫМ ПРАЦЫ
панядзелак - пятнiца

З 8:30 да 17:30
абед з 13:00 да 14:00
(прыём грамадзян і юрыдычных асоб згодна з зацверджаным графікам)

Тэлефон: +375 (1713) 3-51-66

Факс: +375 (1713) 6-05-96

«ГАРАЧАЯ ЛІНІЯ»: +375 (1713) 2-04-24
(у буднія дні з 8:30 да 17:30, абед з 13:00 да 14:00)

Адзіны даведачна-інфармацыйны нумар службы «адно акно »: 142

E-mail: isp@pukhovichi.gov.by 
(для дзелавой перапіскі)

Сацыяльныя сеткі: Інстаграм

18.05.2020

У Мар'інай Горцы працуе шпіталь

З горадам Мар'іна Горка ў многіх жыхароў Мінскай вобласці апошнім часам звязаны і трывожныя, і радасныя ўспаміны. У сярэдзіне красавіка на базе Мар'інагорскай цэнтральнай раённай бальніцы пачаў працаваць інфекцыйны шпіталь па прыёме і лячэнні хворых з каранавіруснай інфекцыяй. Размяшчэнне тэрапеўтычнага корпуса бальніцы адпавядала неабходным патрабаванням. Тут ёсць дадатковыя ўваходы і выхады, корпус злучаны калідорамі-пераходамі з іншымі будынкамі. Але галоўнае, што ў тэрапеўтычным корпусе ёсць вялікая колькасць сучасных кропак доступу да кіслароду. Ёсць у Мар'інагорскай бальніцы і свая кіслародная станцыя.

- Да арганізацыі працы шпіталя мы былі гатовы — кажа галоўны лекар цэнтральнай раённай бальніцы Людміла Жарынава.- Кожны лекар, яшчэ будучы студэнтам, вывучае паталогію асабліва небяспечных інфекцыйных захворванняў і алгарытм працы ў такіх умовах. Штогод незалежна ад узнікнення інфекцый мы распрацоўваем планы перапрафілявання устаноў і ложкавага фонду для працы ў выпадку ўзнікнення асабліва небяспечных інфекцый такіх, як чума, халера, ліхаманка эбола і іншыя.

Калі ў Кітаі і ў Еўропе стала распаўсюджвацца каранавiрусная інфекцыя, наша бальніца адна з першых у вобласці была ўкамплектавана сродкамі абароны ў поўным аб'ёме.

Зараз на базе тэрапеўтычнага корпуса і інфекцыйнага аддзялення Мар'інагорскай ЦРБ разгорнуты шпіталь на 144 ложкі. З іх 9 рэанімацыйных. Акрамя таго арганізавана 3 ложкі для пацыентаў з каранавiруснай інфекцыяй якія маюць патрэбу ў гемадыялізе. Сюды паступаюць пацыенты з розных раёнаў Мінскай вобласці. Працуе асобны прыёмны пакой, куды дастаўляюць пацыентаў з каранавiруснай інфекцыяй і пнеўманіяй, у якіх ёсць паказанні для шпіталізацыі. Па словах кіраўніка медыцынскай установы, свабодныя месцы ў шпіталі ёсць. Штодня пасля лячэння адпраўляюцца дадому ў сярэднім 10-14 пацыентаў. На 15 мая ў шпіталі знаходзілася 139 чалавек. З іх 23 іншагародніх. 54 чалавекі з дыягназам каранавiрусная інфекцыя, у 118 чалавек дыягнаставана пнеўманія. Хвароба ва ўсіх працякае па-рознаму. На кіслароднай тэрапіі знаходзіцца 17 чалавек, у 6 – праходзіць больш цяжка і яны знаходзяцца ў рэанімацыйным аддзяленні. Для такіх пацыентаў праводзяцца рэспубліканскія кансіліумы з удзелам прафесарскага складу. Пры неабходнасці пацыентам прызначаецца лячэнне антыкаранавiруснай плазмай. Для лячэння ёсць усе неабходныя прэпараты.

На жаль, ёсць і смяротныя зыходы. Памерлі людзі, якія мелі цяжкія хранічныя захворванні, ускладненыя інфекцыяй.

У нашым раёне сярод тых, хто захварэў каранавiруснай інфекцыі тры медработніка. Па кожнаму выпадку праведзена прафесійнае расследаванне. Па месцы іх працы агмені не выяўлены.

- Мы ў поўным аб'ёме забяспечаны спіртазмяшчальнымі антысептыкамі і дэзефектантамі.- кажа Людміла Уладзіміраўна.- На дадзеным этапе маецца ў запасе 1700 літраў дэзенфiкуючага канцэнтрату, 1250 літраў антысептыкаў. І гэты запас пастаянна папаўняецца. У цяперашні час у бальніцы маецца больш за 22 тысячы аднаразовых масак, амаль 3 з паловай тысячы рэспіратараў, больш за 28 тысяч пар аднаразовых пальчатак, 363 шматразовых супрацьэпідэміялагічных касцюма і 597 аднаразовых. Рэзерв пастаянна абнаўляецца.

Маюцца ў наяўнасці экспрэс-тэсты для дыягностыкі каранавiруснай інфекцыі якія дапамагаюць вызначаць не толькі захворванне, але і стадыю, у якой яно працякае, што дапамагае хутка выбраць тактыку лячэння. Іх мы праводзім на бясплатнай аснове па медыцынскіх паказаннях.

Тройчы шпіталь пры Мар'інагорскай ЦРБ інспектавалі спецыялісты-эксперты, і яго працы была дадзена станоўчая ацэнка. Адзначана, што тут створаны камфортныя ўмовы для хворых, арганізавана добрае харчаванне, арганізавана забеспячэнне пацыентаў пітной вадой.

18 5 20 2

Варта прыслухацца і да меркавання тых людзей, якія праходзілі тут лячэнне. У рэдакцыю раённай газеты ўжо паступіла некалькі падзяк медыцынскім работнікам. Пацыенты кажуць пра тое, у якім складаным стане яны знаходзіліся і колькі сіл прыклалі лекары, каб выратаваць ім жыццё.

Праводзіцца медработнікамі і вялікая праца з людзьмі, якія з'яўляюцца кантактамі першага ўзроўню. Інфармацыю пра іх у бальніцу перадае раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. На базе амбулаторна-паліклінічных устаноў раёна створана 6 мабільных брыгад. На працягу сутак медыцынскія работнікі павінны наведаць людзей блізка кантактаваўшых з хворым чалавекам, узяць у іх мазок. Тыя, у каго няма клінічных праяў захворвання, павінны знаходзіцца дома. З імі перыядычна стэлефаноўваюцца работнікі бальніцы, цікавяцца іх самаадчуваннем. Тых, у каго з'явіліся сімптомы хваробы, аглядае лекар і прымае рашэнне аб далейшым лячэнні.

Медыкі не хаваюць, што працуюць у складаных умовах. Змена ў супрацьэпідэміялагічным касцюме, сляды ад масак на твары... Гэта тое, што мы бачым з экрана тэлевізара або на фота ў газетах і сацсетках. Але мы можам толькі меркаваць колькі фізічных намаганняў прыкладваюць штодня гэтыя людзі ратуючы жыцці іншых.

Таму столькі слоў падзякі сёння гучыць у іх адрас. І многія людзі імкнуцца іх падтрымаць, чымсці дапамагчы.

— Хачу сардэчна падзякаваць усім нашым работнікам і тым, хто разумее, як нам сёння складана,— кажа Людміла Жарынава.- Прыемна, што многія працоўныя калектывы, грамадскія арганізацыі прапанавалі сваю дапамогу. Гэта ЗАТ «Аўгуст Бел», ААТ «Пухавіцкі доследна-эксперыментальны завод», «Пухавічынафтапрадукт», «Агра-абярэг», «Голацк», «Машхарчпрад», ЗАТ «Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя», «Струнныя тэхналогіі», дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Алег Белаконеў, грамадскія арганізацыі, прафсаюзы, установы адукацыі і многія іншыя. Мы ўдзячны ўсім за дапамогу і падтрымку.

Кожны чалавек можа сёння падтрымаць медыцынскіх работнікаў. І для гэтага не патрэбныя нейкія асаблівыя намаганні. Усе мы павінны выконваць сацыяльную дыстанцыю, часта мыць рукі, насіць ахоўныя маскі і пальчаткі ў крамах, у транспарце, іншых шматлюдных месцах, абмежаваць кантакты з пажылымі сваякамі.

На жаль, на справе атрымліваецца не так. Дзясяткі пакупнікоў прыходзяць па тавары ў магазіны без масак, стоячы ў чарзе літаральна дыхаюць у патыліцу адзін аднаму. Нядаўна задала пытанне кіроўцу таксі: «Чаму вы працуеце без маскі?». «А я не веру ва ўсё гэта»,— адказаў ён.

Вядома, панікаваць не трэба. Са слоў медыцынскіх работнікаў, сітуацыя ў раёне стабільная, яна пад кантролем. Але рызыка захварэць ёсць у кожнага з нас. Так давайце клапаціцца пра сваё здароўе.

ДУМКІ ЎСЛЫХ

Святлана Смаліус:

Каранавiрус, безумоўна, адбіўся на нашым звыклым ладзе жыцця. Першае, што я вынесла для сябе з інфармацыі, якой мы валодалі да таго, як у Беларусі пачалі фіксаваць першыя выпадкі захворванняў каранавіруснымі пнеўманіямі, гэта тое, што кожны з нас у любым выпадку, ці будзе ўведзены каранцін, ці не будзе, павінен у першую чаргу сам быць сацыяльна адказным чалавекам. Наша бяспека - не толькі справа рук урачоў. Таму трэба прыслухоўвацца да рэкамендацый: насіць маскі, мець пры сабе антысептык. На жаль, нават сёння многія ігнаруюць такія простыя правілы і не думаюць не толькі аб сабе, але і аб навакольных.

Я адсочваю сітуацыю ў рэспубліцы, але не валодаю той, якая складваецца ў нашым раёне. З раённай газеты ведаю, што ў нас разгорнуты шпіталь, і нашы лекары лечаць не толькі пухаўчан, але і жыхароў іншых раёнаў. Хацелася б ведаць больш канкрэтную інфармацыю па колькасці тых, хто захварэў. І гэта не бяздзейны інтарэс. Упэўнена, што калі б людзі не думалі, што ў нас усё абсалютна беспраблемна, яны былі б да сябе больш уважлівымі. Назіраю, як насельніцтва дзеліцца на дзве часткі: адны спакойныя і бесклапотныя, іншыя ж жывуць на чутках і панікуюць. Менавіта таму трэба валодаць рэальнай інфармацыяй, якая дазволіць не панікаваць, а аб'ектыўна ацэньваць сітуацыю. Усім раю берагчы сябе і спадзявацца, што неўзабаве мы вернемся да нармальнага жыцця.

Лілія Крупская:

— Напэўна, кожны спадзяецца, што дрэннае пройдзе міма, не закране яго ці яго блізкіх. Але жыццё падае нам выпрабаванні, не арыентуючыся на нашы жаданні і надзеі. Вось і маёй сям'і давялося даведацца, што такое цяжкая пнеўманія. Спачатку захварэла мама. У яе паднялася тэмпература, мы выклікалі лекара. Спадзяваліся, што гэта будзе толькі прастуда. Аднак з'явіліся цяжкасці з дыханнем і давялося яе шпіталізаваць. Да гэтага моманту і я адчувала, што захварэла. Слабасць, тэмпература, дыхавіца. Пагадзілася на шпіталізацыю. Праходзіла лячэнне ў нашай раённай бальніцы. Не верце калі кажуць, што медыкам усё роўна, што яны не імкнуцца. Гэта няпраўда. Яны працуюць у вельмі няпростых умовах. Яны лечаць, яны змагаюцца за кожнага пацыента. Яны падтрымліваюць нас, як могуць. Прыходзяць у палату проста, каб пагаварыць, растлумачыць нам, як правільна паводзіць сябе, каб лячэнне было больш эфектыўным. Сёння я знаходжуся на далечваннi дома, таму што магу выконваць рэжым самаізаляцыі. Мама ўсё яшчэ ў бальніцы, і лекары змагаюцца за яе жыццё, нягледзячы на яе шаноўны ўзрост. Хачу верыць, што ў іх атрымаецца. А ўсім жадаю здароўя. І раю прыслухоўвацца да рэкамендацый лекараў.

Ірына Зянько:

— Я заўсёды стараюся з аптымізмам ставіцца да любой сітуацыі і спадзявацца на лепшае. Менавіта так настройвала сябе, калі стала зразумела, што пандэмія каранавіруса не абміне і беларусаў. Але, на жаль, недахоп інфармацыі ў першы час спарадзіў занадта шмат супярэчлівых чутак. Называліся настолькі супрацьлеглыя лічбы, што ты проста не разумеў, якім верыць. І гэта былі чуткі не толькі аб ліку тых, хто захварэў, але і аб ліку памерлых людзей. У гэтай сувязі, вядома, вельмі хацелася мець праўдзівую інфармацыю. Думаю, менавіта яна дапаможа нам усім выпрацаваць правільныя паводзіны. Мы выдатна разумеем, што не можам спыніць эканоміку. Па гэтай прычыне вельмі важна, каб ўключылася самасвядомасць і адказнасць кожнага чалавека. Мы можам самі кантраляваць сваю абароненасць, забяспечваць сацыяльнае дыстанцыяванне. Пра гэта, я думаю, інфармацыі ў СМІ сёння больш чым дастаткова. Таму часам я не разумею, калі бачу бестурботнае стаўленне людзей да рэкамендацый лекараў. У крамах многія не носяць маскі, не выконваюць дыстанцыю, хоць умовы для гэтага ёсць практычна ўсюды. Сёння ўжо няма дэфіцыту масак (купляй на любы колер і памер), дастаткова антысептыкаў (у аптэцы налічыла парадку пяці найменняў). Галоўнае цяпер - наша стаўленне да праблемы. Яе часам, мне здаецца, залішне спрабуюць раздзімаць, здабываючы адны негатыўныя факты. Калі апераваць толькі імі, то мы не атрымаем аб'ектыўнай карціны. Грамадзяне хочуць валодаць максімальна аб'ектыўнай інфармацыяй, якая, у першую чаргу, тычыцца нашага раёна. Гэта дазволіць супрацьстаяць той хлусні, што часам прымаецца за праўду. Быў момант, напрыклад, калі ўсіх палохалі тым, што ў нашым дзіцячым санаторыі (цэнтры рэабілітацыі) праходзяць лячэнне людзі ў пацверджаным каранавiрусам. А там быў звычайны заезд дзяцей на аздараўленне. Але сёння, мне здаецца, ужо мяняецца стаўленне да таго, што адбываецца і да падачы адпаведнай інфармацыі пра гэта. Мы пачынаем разумець, што каранавiрус – гэта наша рэальнасць. Нам з ёй жыць. І дзякуй урачам, якія вучацца змагацца з гэтай хваробай.

Алена Шантыка.

Вольга Савасцюк.

Чытаць 922 разоў

© Пухавіцкі раённы выканаўчы камітэт, 2008-2020
Убачылі памылку на сайце?
Калі ласка, вылучыце тэкст з памылкай
і націсніце ctrl + enter

Яндекс.Метрика Распрацоўка і падтрымка сайта:
Група кампаній «ЦВР «КАСТРЫЧНІЦКI»