У дзівосны свет ведаў накіраваліся сто чатыры вучні Ананіцкага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад-сярэдняя школа. З асаблівым хваляваннем на свой першы ўрок спяшаліся першакласнікі. Сёлета за школьныя парты ўпершыню селі васямнаццаць хлопчыкаў і дзяўчынак. За апошнія два дзесяцігоддзі гэта самы вялікі набор першакласнікаў.
Надзейным і мудрым сябрам для вучняў першага класа стане Ірына Смаляк. Педагагічны стаж Ірыны Міхайлаўны больш за 40 гадоў. Усім сваім вучням вопытны настаўнік перадае цікавасць да ведаў.
На ўрачыстую лінейку ў школу завітаў старшыня Пухавіцкага райвыканкама Віктар Каляда. Віктар Міхайлавіч адзначыў добрую сумесную працу кіраўніцтва школы і бацькоў па падрыхтоўцы навучальнай установы да новага навучальнага года. Летам сваімі сіламі адрамантавалі фае, замянілі ўваходную групу, зрабілі касметычны рамонт класаў, на дзіцячай пляцоўцы з’явіўся «куток бяспекі».
З каштоўнымі падарункамі на ўрачыстае мерапрыемства прыехаў дырэктар ТАА «Ананічы» Антон Марус.
Гэта вераснёўская лінейка запомніцца таксама шасці адзінаццацікласнікам, для якіх вандроўка па школьным жыцці выйшла на фінішную прамую.