Адрас: 222811, Мінская вобласць,
г. Мар'іна Горка, вул. Ленінская, 47

РЭЖЫМ ПРАЦЫ
панядзелак - пятнiца

З 8:30 да 17:30
абед з 13:00 да 14:00
(прыём грамадзян і юрыдычных асоб згодна з зацверджаным графікам)

Тэлефон: +375 (1713) 3-51-66

Факс: +375 (1713) 6-05-96

«ГАРАЧАЯ ЛІНІЯ»: +375 (1713) 2-04-24
(у буднія дні з 8:30 да 17:30, абед з 13:00 да 14:00)

Адзіны даведачна-інфармацыйны нумар службы «адно акно »: 142

E-mail: isp@pukhovichi.gov.by 
(для дзелавой перапіскі)

Сацыяльныя сеткі: Інстаграм

04.07.2019

На Пухаўшчыне прайшло мерапрыемства «Паклонімся вялікім тым гадам»

У рамках рэспубліканскай акцыі «Беларусь памятае. Памятаем кожнага» Пухавіцкі раённы каардынацыйны савет грамадскіх арганізацый правёў мерапрыемства «Паклонімся вялікім тым гадам». Прыняць удзел у ім запрасілі кіраўнікоў і членаў раённых структур найбуйнейшых грамадскіх аб'яднанняў. Цяпер жывушчае пакаленне ў даўгу перад тымі, хто 75 гадоў таму змагаўся з ворагам за свабоду і незалежнасць нашай рэспублікі. Усе яны - героі. І ў святочныя дні мы ўспамінаем іх подзвігі: і тых, хто загінуў у баях за родную краіну, і тых, хто вярнуўся з палёў бітваў. Прадстаўнікі грамадскіх арганізацый раёна адправіліся па памятных месцах Пухаўшчыны, каб аддаць даніну памяці і павагі салдатам і партызанам Вялікай Айчыннай вайны.

Стартавала акцыя ў Мар'інай Горцы ля галоўнага манумента ў гонар воінаў-вызваліцеляў раёна. Вітаючы ўдзельнікаў мерапрыемства, старшыня каардынацыйнага савета грамадскіх арганізацый, старшыня раённага аб'яднання прафсаюзаў Людміла Гулякевіч казала пра тое, чаму для нас важная памяць аб Вялікай Айчыннай вайне і тых, хто вынес яе нягоды на сваіх плячах. Затым удзельнікі мерапрыемства ўсклалі кветкі да помнікаў героям вайны, усталяваным у горадзе: аднаго з арганізатараў камсамольскага падполля ў Пухавіцкім раёне Любе Гайдучонак, артылерыста Героя Савецкага Саюза Васіля Токарава, лётчыка Міхаіла Ермакова, 8-ай гвардзейскай танкавай дывізіі. У кожнага манумента ўдзельнікаў мерапрыемства сустракалі члены піянерскіх дружын школ горада. Хлопцы падрыхтавалі інфармацыю аб вызваленні раёна, распавялі пра подзвіг кожнага з герояў, нагадалі баявы шлях вайсковых частак, якія некалі базаваліся ў Мар'інай Горцы. У план мерапрыемства ўваходзіла і прэзентацыя турыстычнага маршруту «Дарогамі вайны», падрыхтаванай журналістамі газеты «Пухавіцкія навіны». Ён аб'яднаў месцы, у кожнага з якіх свая ваенная гісторыя. Ваенны аэрадром ля Дуброўкі. У ноч з 22 на 23 чэрвеня 1944 года адсюль на сваё першае баявое заданне ў раён польскіх Сувалак адправіліся самалёты 3 авіяцыйнага палка цяжкіх бамбавікоў. Аж да 26 чэрвеня яны бамбілі ворага на далёкіх подступах. Аднак і аэрадром падвергнуўся нападу варожых самалётаў. 27 чэрвеня полк з аэрадрома паляцеў, 28 чэрвеня немцы занялі Мар'іну Горку. Вёска Сінча. Тут ля помніка загінулым землякам размова ішла аб тым, што за кожным імем, выбітым на мануменце, свая трагічная гісторыя. Успомнілі сям'ю мясцовай жыхаркі Марыі Кавальчук, якую разам з сынам-падлеткам Іванам фашысты расстралялі за тое, што ў яе доме хаваліся габрэі. Адзін з яе сыноў, Васіль, Вялікую Айчынную сустрэў у Брэсце, там трапіў у акружэнне і, вырваўшыся з яго, прыйшоў дадому да маці, у якой у той час жыла дачка Зінаіда з маленькім сынам і брат Іван. Трагедыя ў сям'і здарылася з-за таго, што Васіль ратаваў габрэяў. Людзі памяталі, што ў 1942 годзе ён хаваў дзвюх жанчын з дзіцем. Здарылася так, што адна з іх чамусьці пайшла ў Мар'іну Горку і была затрыманая немцамі. Пад катаваннямі яна распавяла, хто іх хаваў. Васіль паспеў сысці ў лес да партызанаў. Не знайшоўшы яго, немцы ў закладніцы забралі сястру Зінаіду. Яе доўга трымалі ў гестапа, а затым разам з іншымі людзьмі пагрузілі на машыну і павезлі на расстрэл. Але па дарозе хтосьці выштурхнуў яе з кузава, і яна ўратавалася. Неўзабаве ў Сiнчы зноў з'явіліся карнікі. Марыя ў гэты час была з двума Іванамі - сынам і чатырохгадовым унукам. Разумеючы, што іх расстраляюць, жанчына нейкім неспасціжным чынам ўгаварыла камандзіра карнікаў пашкадаваць маленькага ўнука, і той дазволіў аднесці малога да суседзяў. А жанчыну з сынам расстралялі. Васіль пазней загінуў, змагаючыся ў партызанскім атрадзе. Яго імя выбіта на помніку. Вёска Амельна. У гады Вялікай Айчыннай вайны тут знаходзіўся паліцэйскі гарнізон, які складаўся часткова з уласаўцаў. Ёсць звесткі, што сам Уласаў, генерал-здраднік, наведваў Амельна, каб маральна падтрымаць сваіх байцоў. Партызаны 2-й мінскай партызанскай брыгады ў верасні 1942 года разграмілі гарнізон. У партызанскіх атрадах змагалася нямала жыхароў вёскі. Вёска Парэчча. Гэта унікальная для Беларусі вёска. Падчас Вялікай Айчыннай вайны ў ёй знайшлі прытулак сорак габрэйскіх дзяцей, якія беглі з Мінскага гета. У падзяку за гэты подзвіг у 2000 годзе былыя вязні гета ўсталявалі ў вёсцы помнік праведнікам свету. У той час ён быў адзіным у Еўропе. Ратавалі дзяцей не ў адзіночку, а ўсёй вёскай. І гэта быў сапраўдны подзвіг. Немалую ролю ў выратаванні габрэйскіх дзяцей сыграў і святар праваслаўнай царквы ў Парэччы Якаў Слабуха. Падчас наездаў на вёску паліцэйскіх ён хаваў за алтаром у царкве габрэйскіх дзяцей. Калі знайшліся мясцовыя прыхаджане, якія вырашылі яго «паправіць», маўляў, што ж вы, бацюшка, у праваслаўным храме габрэяў ратуеце, ён адказаў: «У Бога ўсе роўныя. Як і ў кожнага прыстойнага, сумленнага і мужнага чалавека». Якаў Слабуха актыўна дапамагаў партызанам, за што быў узнагароджаны медалём «Партызану Вялікай Айчыннай вайны I ступені». Памятны знак у гонар выратавальнікаў дзяцей у Парэччы усталяваны на ўзгорку, на якім калісці ўзвышалася царква. Тут жа знаходзіцца магіла святара Якава Слабуха і абеліск у гонар партызанскай брыгады імя Калініна. Завяршыўся маршрут у вёсцы Гарэлец, дзе ў лістападзе 1942 года ў гонар 25-годдзя Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі партызаны правялі святочны парад. Удзельнікі наведалі музей Партызанскай славы, які быў створаны па ініцыятыве мясцовага жыхара Сяргея Сіпача. Члены каардынацыйнай рады грамадскіх арганізацый разлічваюць на тое, што гэты маршрут стане запатрабаваным у жыхароў раёна.

Чытаць 1013 разоў

© Пухавіцкі раённы выканаўчы камітэт, 2008-2020
Убачылі памылку на сайце?
Калі ласка, вылучыце тэкст з памылкай
і націсніце ctrl + enter

Яндекс.Метрика Распрацоўка і падтрымка сайта:
Група кампаній «ЦВР «КАСТРЫЧНІЦКI»