Адрас: 222811, Мінская вобласць,
г. Мар'іна Горка, вул. Ленінская, 47

РЭЖЫМ ПРАЦЫ
панядзелак - пятнiца

З 8:30 да 17:30
абед з 13:00 да 14:00
(прыём грамадзян і юрыдычных асоб згодна з зацверджаным графікам)

Тэлефон: +375 (1713) 3-51-66

Факс: +375 (1713) 6-05-96

«ГАРАЧАЯ ЛІНІЯ»: +375 (1713) 2-04-24
(у буднія дні з 8:30 да 17:30, абед з 13:00 да 14:00)

Адзіны даведачна-інфармацыйны нумар службы «адно акно »: 142

E-mail: isp@pukhovichi.gov.by 
(для дзелавой перапіскі)

Сацыяльныя сеткі: Інстаграм

11.06.2019

У ААТ «Агра-Абярэг» самы вялікі ў раёне план па нарыхтоўцы кармоў

План па нарыхтоўцы кармоў у ААТ «Агра-Абярэг» самы вялікі ў раёне. У сельгасарганізацыі першым укосам неабходна прыбраць 1128 гектараў, нарыхтаваць 8 тысяч тон сенажу, а ўсяго за летні сезон — 16 тысяч тон сенажу і 850 тон сена.

Нарыхтоўку пачалі з закладкі ў сянажныя траншэі азімай свірэпіцы і азімага жыта. Гэтыя культуры паспелі першымі. Іх заклалі ў сянажную траншэю на ферме «Дудзічы-1», дзе ўтрымліваецца 1100 галоў буйной рагатай жывёлы. А ўсяго ў сельгасарганізацыі пяць малочнатаварных ферм, і дзве, у якіх знаходзіцца маладняк на дарашчванні і адкорме. Каля ферм размешчана 21 сянажная траншэя.

- Цяпер мы заканчваем закладваць сянажную траншэю каля фермы «Дудзічы-2», - распавядае галоўны аграном ААТ «Агра-абярэг» Раіса Есімчык. - Гэта ўжо шостая запоўненая траншэя. Сюды закладваем бабова-злаковую сумесь: канюшыну, люцэрну.

За якасцю корманарыхтоўкі пастаянна сочыць ветэрынарная служба гаспадаркі. Трамбоўка правяленай масы вядзецца кругласутачна. Адначасова на сянажнай траншэі працуюць Аляксандр Хадыка на ТО-332 і Сяргей Бельскі на К-700.

Прыбіраюць у ААТ «Агра-Абярэг» травы першага і другога года.

- Сёлета парадавала люцэрна — адзначае Раіса Дзмітрыеўна, - дае да 200 цэнтнераў з гектара, таксама добрыя канюшыны. Атрымліваем такі ўкос не выпадкова: увесну вырабілі падкормку карбанiтам і касам, як таго патрабуе тэхналогія.

У полі працуе 13 адзінак тэхнікі. Дзве касілкі ў дзень скошваюць да 90 гектараў. Здрабняе зялёную масу на КВК-800 Фёдар Хадыка. На яго рахунку ўжо больш за 5 тысяч тон. Калі дазваляе надвор'е, у дзень ён можа здрабніць да 400 тон зялёнай масы. Вынік залежыць яшчэ ад вільготнасці і ўраджайнасці. Адвозіць зялёнку Уладзімір Хадыка на МТЗ-1523.

Працуюць на адным полі Мікалай Паўлоўскі на камбайне «Ягуар», Мікалай Ляпешка і Іосіф Вільтоўскі на касілках КПР-9, а зялёную масу ў валкі зграбае на МТЗ-920 Алег Галавасты. На адвозцы занятыя Уладзімір Гінько, Дзяніс Кавальчук, Уладзімір Асіпук.

Каб не было перабояў у працы, абеды і падвячорак дастаўляюць механізатарам у поле.

У сельгасарганізацыі застаецца закласці яшчэ дзве траншэі з першага ўкосу. На раніцу пятніцы ўбрана больш за тысячу гектараў траў, нарыхтавана 5145 тон зялёнай масы.

На чарзе - аднагадовыя травы. Яны пасеяны на плошчы 250 гектараў.

Анастасія Плятнёва.

Чытаць 737 разоў

© Пухавіцкі раённы выканаўчы камітэт, 2008-2020
Убачылі памылку на сайце?
Калі ласка, вылучыце тэкст з памылкай
і націсніце ctrl + enter

Яндекс.Метрика Распрацоўка і падтрымка сайта:
Група кампаній «ЦВР «КАСТРЫЧНІЦКI»