Адрас: 222811, Мінская вобласць,
г. Мар'іна Горка, вул. Ленінская, 47

РЭЖЫМ ПРАЦЫ
панядзелак - пятнiца

З 8:30 да 17:30
абед з 13:00 да 14:00
(прыём грамадзян і юрыдычных асоб згодна з зацверджаным графікам)

Тэлефон: +375 (1713) 3-51-66

Факс: +375 (1713) 6-05-96

«ГАРАЧАЯ ЛІНІЯ»: +375 (1713) 2-04-24
(у буднія дні з 8:30 да 17:30, абед з 13:00 да 14:00)

Адзіны даведачна-інфармацыйны нумар службы «адно акно »: 142

E-mail: isp@pukhovichi.gov.by 
(для дзелавой перапіскі)

Сацыяльныя сеткі: Інстаграм

03.04.2019

Старшыня Пухавіцкага райвыканкама правёў «прамую тэлефонную лінію» і прыём грамадзян

Каля дзесяці званкоў паступіла падчас «прамой тэлефоннай лініі», якую правёў старшыня райвыканкама Віктар Каляда. Пытанне стану дарог у жыхароў раёна па-ранейшаму ў ліку галоўных.

Першым яго падняў жыхар Мар'інай Горкі, які пражывае па вуліцы Бэзавай. Праехаць, а, тым больш, прайсці пешшу да бліжэйшай вуліцы з асфальтавым пакрыццём (Пятра Гучка) гараджанам няпроста. Асабліва складаная сітуацыя восенню і вясной. Па тэлефоне мужчына распавёў, што нядаўна работнікі дарожнай службы зрабілі падсыпку дарогі, але гэта яе стан не палепшыла.

Жыхарка сталіцы, якая мае дачны дом у вёсцы Бахаравічы Навапольскага сельсавета, паскардзілася на стан цэнтральнай дарогі ў вёсцы.

Яшчэ адзін тэлефонны званок тычыўся стану дарог каля дамоў № 7 і № 9 па вуліцы Паслядовіча і Крынічнай, 14 у Мар'інай Горцы. Ліквідаваць ямачнасць жыхарам абяцалі яшчэ ў мінулым годзе, але сітуацыя не змянілася. Усе гэтыя пытанні ўзяты на кантроль.

Жыхары вёскі Бахаравічы папрасілі старшыню райвыканкама ўзяць на асабісты кантроль пытанне замены лініі электраперадач. Вяскоўцы часта сутыкаюцца з адключэннем электрычнасці. У другім квартале гэтага года будзе выраблена праектна-каштарысная дакументацыя, згодна з якой у вёсцы будзе праведзена замена лініі электраперадач.

Пытанні землекарыстання таксама часта гучалі падчас «прамой тэлефоннай лініі». Жыхар вёскі Шыманаў Кут Дукорскага сельсавета распавёў, што каля 20 гадоў вядзе падсобную гаспадарку. Калісьці сельскі савет выдзеліў яму ўчастак пад пашу, а цяпер гэтую зямлю перадалі мясцовай гаспадарцы. Мужчыну патлумачылі, што адзіны магчымы варыянт выдзялення зямлі згодна з законам, - афармленне сялянска-фермерскай гаспадаркі (гаспадар трымае каля пяцідзесяці авечак, пяць кароў і столькі ж коней). Пра такую форму арганізацыі дзейнасці мужчына чуў, але афармляць КФХ не хоча. Іншага шляху для атрымання зямельнага ўчастка няма.

Пасля «прамой тэлефоннай лініі» старшыня райвыканкама правёў выязны прыём грамадзян у аграгарадку Турын.

Жыхароў аграгарадка цікавіла пытанне медыцынскага абслугоўвання. Яны атрымліваюць неабходную дапамогу ў Пухавіцкай амбулаторыі. Каб патрапіць да лекара, трэба спачатку з Турына дабрацца да Мар'інай Горкі, затым перасесці на аўтобус да Пухавіч. Гэта нязручна, займае шмат часу.

Трэба адзначыць, што да працы перасоўнага медыцынскага комплексу, які двойчы на месяц прыязджае ў аграгарадок, у мясцовых жыхароў прэтэнзій няма. Адзіны мінус у працы перасоўнага ФАПа тое, што фельчар не мае права выпісаць рэцэпт, таму людзям усё роўна даводзіцца ездзіць у Пухавічы.

Па пытанні аб прамым аўтобусным маршруце Турын-Пухавічы старшыня райвыканкама даў адпаведнае даручэнне. Галоўны ўрач Мар'інагорскай ЦРБ Людміла Жарынава патлумачыла, што абслугоўванне ў медыцынскіх установах вядзецца па заяўным прынцыпе. Тым, хто жадае абслугоўвацца ў цэнтральнай раённай паліклініцы, трэба напісаць адпаведную заяву.

Мясцовы ФАП паспрабуюць укамплектаваць у жніўні, калі ў наш раён прыйдуць маладыя спецыялісты.

Дзве мясцовыя жыхаркі распавялі, што ў іх доме — чатыры кватэры, дзве з якіх прыватызаваныя. Цэнтралізаванай каналізацыі няма. Дом знаходзіцца на балансе ААТ «Ражджэственскае-агра». Жанчыны цікавіліся, хто павінен адпампоўваць каналізацыйныя сцёкі? Як растлумачылі спецыялісты адпаведных службаў, гэтая абавязак ўскладзены на балансатрымальнікаў. Для вырашэння пытання жыхарам неабходна заключыць дамову з сельгасарганізацыяй на абслугоўванне каналізацыйнай трубы. Паслугу неабходна аплачваць.

Набалелым для мясцовых жыхароў таксама з'яўляецца пытанне якасці вады. Адна з жыхарак аграгарадка нядаўна здала ваду на вызначэнне яе якасці. У афіцыйным заключэнні напісана, што ў вадзе перавышана ўтрыманне жалеза.

Гэтая праблема актуальная для многіх населеных пунктаў раёна, але без будаўніцтва станцыі абезжалезвання яе не вырашыць. Сёлета ў праграму будаўніцтва станцый абезжалезвання ўнесены вёскі Чырвоны Кастрычнік, новы Ўборак, Дудзічы. У аграгарадку Турын, згодна з рашэннем Мінскага абласнога выканаўчага камітэта, такая станцыя ў перспектыве з'явіцца ў 2022 годзе.

Жыхар вёскі Скобраўка прыехаў на прыём грамадзян з пытаннем аб прадастаўленні жылля. Разам з жонкай яны больш за 30 гадоў працавалі ў мясцовай гаспадарцы. Стаялі на чарзе маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, але жылля так і не атрымалі. Сямейная пара даўно на пенсіі. На дадзены момант мужчына мае ва ўласнасці дом плошчай 64 квадратных метра. Пражывае там разам з жонкай. Згодна з заканадаўствам, грамадзянін не з'яўляецца маючым патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў і не можа прэтэндаваць на атрыманне жылля.

Кацярына ВЕРНIКОЎСКАЯ.

Чытаць 579 разоў

© Пухавіцкі раённы выканаўчы камітэт, 2008-2020
Убачылі памылку на сайце?
Калі ласка, вылучыце тэкст з памылкай
і націсніце ctrl + enter

Яндекс.Метрика Распрацоўка і падтрымка сайта:
Група кампаній «ЦВР «КАСТРЫЧНІЦКI»