Адрас: 222811, Мінская вобласць,
г. Мар'іна Горка, вул. Ленінская, 47

РЭЖЫМ ПРАЦЫ
панядзелак - пятнiца

З 8:30 да 17:30
абед з 13:00 да 14:00
(прыём грамадзян і юрыдычных асоб згодна з зацверджаным графікам)

Тэлефон: +375 (1713) 3-51-66

Факс: +375 (1713) 6-05-96

«ГАРАЧАЯ ЛІНІЯ»: +375 (1713) 2-04-24
(у буднія дні з 8:30 да 17:30, абед з 13:00 да 14:00)

Адзіны даведачна-інфармацыйны нумар службы «адно акно »: 142

E-mail: isp@pukhovichi.gov.by 
(для дзелавой перапіскі)

Сацыяльныя сеткі: Інстаграм

07.03.2019

Рэха свята. Ганарымся вамі, землякі!

У мінулую суботу ў Мар'інай Горцы ўшаноўвалі лепшых працаўнікоў народнагаспадарчага комплексу раёна. Напярэдадні былі падведзены вынікі працы ва ўсіх галінах, вызначаны лепшыя работнікі і працоўныя калектывы, якім і ўручылі ўзнагароды на святочнай сцэне.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел начальнік установы «Мінскае абласное ўпраўленне МНС» Сяргей Лапановіч, дэлегацыі Лагойскага, Старадарожскага, Уздзенскага раёнаў, адміністрацыі Партызанскага раёна горада Мінска, ветэраны працы, якія ў розны час унеслі значны ўклад у развіццё раёна.

07-03-2019-06.jpg

Старшыня Пухавіцкага райвыканкама Віктар Каляда і старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Прановіч уручаюць узнагароду работніку СПФ «Дрычын» Дзмітрыю Абакунчыку.

07-03-2019-07.jpg

Начальнік установы «Мінскае абласное ўпраўленне МНС» Сяргей Лапановіч (на здымку ў цэнтры) уручыў ганаровыя граматы Мінскага абласнога камітэта Аляксандру Лешчанку, Аляксандру Лесю. Падзякі аблвыканкама ўручаны Генадзю Матарасу, Андрэю Федзянкову

07-03-2019-08.jpg

У першым раду ветэраны працы.

Гасцей і удзельнікаў свята вітаў старшыня раённага выканаўчага камітэта Віктар Каляда.

- Цяжка пераацаніць ролю якой-небудзь сферы ў жыцці раёна. Усе мы працуем на адзін вынік. Імкнемся да таго, каб раслі паказчыкі, а разам з імі і дабрабыт людзей, — сказаў Віктар Міхайлавіч.

Аснову эканомікі нашага раёна займае прамысловасць. Удзельная вага выручкі ад рэалізацыі тавараў, работ, паслуг складае больш за 64 адсоткi. Аб'ём прамысловай вытворчасці за 2018 год склаў 563 мільёны рублёў, або 102,5 адсоткi да ўзроўню 2017 года, 53 адсоткі вырабленай прадукцыі адгружана на экспарт.

Асноўную удзельную вагу ў аб'еме вырабленай прадукцыі займаюць ЗАТ «Аўгуст-Бел», СТАА «Марозпрадукт», ААТ «Завод горнага воску».

Экспарт тавараў па арганізацыях раёна штогод павялічваецца. За 2018 год ён склаў 158,8 мільёна долараў ЗША (тэмп росту 112 працэнтаў да ўзроўню 2017 года). Тавары пастаўляюцца на рынкі 37 дзяржаў.

За 2018 год у эканоміку раёна прыцягнута прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове на 58,6 мільёна долараў ЗША. Інвеставанне ў эканоміку раёна ажыццяўляюць такія краіны, як Расія, Вяргінскія астравы, Вялікабрытанія, Украіна, Кіпр, Ганконг, ААЭ.

На тэрыторыі раёна эфектыўна працуюць Мінская цеплаэлектрацэнтраль-5 і Рудзенская газанапаўняльная станцыя.

Дзейнасць арганізацый гандлю і грамадскага харчавання ў раёне накіравана на стабільнае забеспячэнне попыту розных катэгорый насельніцтва высакаякаснымі таварамі.

Асноўныя гандлёвыя арганізацыі раёна — ТАА «Еўрагандаль», ТП ТАА «Пухавiчыгандль», ААТ «Пухавічынефцепрадукт», ПГУП «КС прадтавары», ПК ПУП «ПрамТэхСервiс», ТДА «Бацькоўская спадчына».

У нашым раёне многае робіцца па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай і сацыяльнай базы вёскі, актыўна асвойваюцца новыя тэхналогіі, павышаецца агульны ўзровень земляробства, вядзецца будаўніцтва і рэканструкцыя жывёлагадоўчых ферм. Усё гэта стварае надзейныя перадумовы для дынамічнага развіцця галіны ў будучыні.

Ва ўборачнай кампаніі 2018 года больш за восем тысяч тон збожжа намалацілі ў валаўтваральных сельскагаспадарчых арганізацыях нашага раёна: ААТ «Голацк», «Агра-абярэг», СУП «Дукора-Агра».

Звыш дзвюх тысяч тон збожжа намалацілі тры экіпажы. 31 экіпаж па выніках уборкі збожжа стаў тысячнікам. Больш двух тысяч тон перавезлі шэсць вадзіцеляў, і 17 вадзіцеляў перавезлі больш адной тоны збожжа.

У жывёлагадоўчай галіне за 2018 год рэалізавана на забой 9,9 тысячы тон жывёлы (112,5 адсотка да ўзроўню мінулага года), надоена 69,3 тысячы тон малака, што складае 100,9 адсоткi да ўзроўню мінулага года.

Асноўнымі задачамі будаўнічай галіны з'яўляецца павелічэнне аб'ёму будаўніча-мантажных работ, падрадных работ і будаўніцтва жылля.

У 2018 годзе ў раёне ўведзена больш за трыста кватэр у шматкватэрных і індывідуальных жылых дамах, праведзены работы па рамонце і рэканструкцыі аўтамабільных дарог, адрамантаваны шэраг аб'ектаў жыллёвага фонду, аховы здароўя і адукацыі.

Адзначыў Віктар Міхайлавіч і поспехі ў сацыяльнай сферы. 14 выпускнікоў школ ўзнагароджаны залатым медалём, 3 - сярэбраным. Пасведчанне аб агульнай базавай адукацыі з адзнакай атрымалі 20 выпускнікоў.

Вучнем года Мінскай вобласці прызнана Марыя Хурс, вучаніца Свіслацкай СШ.

У заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды Аляксей Плескач, навучэнец сярэдняй школы № 4 горада Мар'іна Горка, заваяваў дыплом 3-й ступені па матэматыцы.

Лаўрэатам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў стаў Яўген Аўчыннікаў, навучэнец 11-га класа сярэдняй школы № 2 горада Мар'іна Горка.

На працягу 2018 года скалалазамі дзяржаўнай установы дадатковай адукацыі «Цэнтр турызму дзяцей і моладзі Пухавіцкага раёна» заваявана 129 прызавых месцаў у спаборніцтвах абласнога, рэспубліканскага ўзроўняў.

Пухавіцкая Спецыялізаваная дзіцяча-юнацкая школа алімпійскага рэзерву перадала ў вышэйшае звяно падрыхтоўкі 8 спартсменаў-навучэнцаў.

Ва ўстановах культуры раёна працуе 23 калектывы са званнем «народны» і «ўзорны».

На працягу многіх гадоў візітнай карткай нашага раёна з'яўляецца абласны фестываль народнай творчасці «Напеў зямлі маёй». У 2018 годзе лаўрэатам II ступені гэтага фестывалю сталі ансамбль народных інструментаў «Крыніца» Мар'інагорскай дзіцячай школы мастацтваў і сямейны ансамбль «Жывіца» Борскага сельскага Дома культуры.

У мінулым годзе праводзілася работа па паляпшэнню матэрыяльна-тэхнічнай базы Мар'інагорскай цэнтральнай раённай бальніцы. Набыта праграмнае забеспячэнне «Электронны рэцэпт», «Рэгістратура», «Лекар паліклінікі», кампутарная тэхніка, фізіятэрапеўтычныя апараты для Свіслацкай гарпасялковай бальніцы, рэанімабіль, наркозна-дыхальны апарат, перасоўны медыцынскі комплекс, УГД.

Падключана кропка доступу да рэспубліканскай карпаратыўнай тэлемедыцынскай VPN сеткі РНПЦ МТ для правядзення кансультацый у рэжыме анлайн з любымі клінікамі ў краіне. У бягучым годзе праведзена 81 тэлемедыцынская кансультацыя.

Значную ролю ў рэалізацыі дзяржаўнай сацыяльнай палітыкі і падтрыманні стабільнасці ў грамадстве адыгрываюць грамадскія арганізацыі, прафесійныя саюзы.

Старшыня райвыканкама Віктар Каляда падзякаваў усім за працу і пажадаў поспехаў у выкананні новых планаў.

Ад імя Мінскага абласнога выканаўчага камітэта з добрымі дасягненнямі пухаўчан павіншаваў начальнік установы «Мінскае абласное ўпраўленне МНС» Сяргей Лапановіч. Сяргей Васільевіч уручыў Ганаровыя граматы аблвыканкама галоўнаму інжынеру ААТ «Голацк» Аляксандру Лешчанка, начальніку службы эксплуатацыі сістэм газазабеспячэння Пухавіцкага раёна газазабеспячэння філіяла «Слуцкае вытворчае ўпраўленне» ВРУП «Мінск-аблгаз» Аляксандру Лесю.

Падзяка Мінскага абласнога выканаўчага камітэта аб'яўлена начальніку філіяла КУП «Мінскаблдор-Буд» - «ДРБУ № 169» Генадзю Матарасу, кіраўніку народнага ансамбля народных інструментаў «Крыніца» Мар'інагорскай дзіцячай школы мастацтваў Андрэю Федзянкову.

Старшыня Пухавіцкага раённага выканаўчага камітэта Віктар Каляда і старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Прановіч уручылі граматы і падзякі раённага выканаўчага камітэта лепшым працаўнікам раёна. У гэты дзень на сцэну падымаліся работнікі прамысловых і сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, настаўнікі, урачы, прадпрымальнікі, работнікі гандлю і грамадскага харчавання, будаўнікі, дарожнікі, камунальнікі, прадстаўнікі сілавых структур і іншых сфер дзейнасці. Радуе той факт, што з кожным годам у ліку лепшых працаўнікоў раёна ўсё больш становіцца моладзі. Значыць, прыйшла надзейная змена людзям, якія на працягу дзясяткаў гадоў добрасумленна працавалі на сваіх працоўных месцах, уносілі важкі ўклад у развіццё цэнтральнага рэгіёна Міншчыны.

Творчыя калектывы нашага раёна падрыхтавалі святочную праграму, фінальным акордам якой стала песня нашага земляка Уладзіміра Траццякова «Родны горад».

* * *

Добры настрой з самай раніцы панаваў на цэнтральнай плошчы горада. Каля раённага цэнтра культуры былі разгорнутыя сельскія падворкі, якія арганізавалі сельвыканкамы і сельскагаспадарчыя арганізацыі, працавалі гандлёвыя рады, дзіцячыя атракцыёны, выстава самадзейных майстроў «Пухавіцкі дзівосы».

Пухаўчане ва ўсе часы славіліся сваёй гасціннасцю. Вось і на гэты раз запрашалі ўсіх жадаючых голацкае, дуброўскае, дукорскае, а таксама падворкі ААТ «Агра-абярэг», «Каляднае-Агра», «Аграсiмвал», «Племзавод «Iндустрыя», ПСУ «Рудэнскае», аграсядзіба «Балачанка» і іншыя. Вартая павагі пазіцыя нашых ветэранаў. Яны ўдзельнічаюць практычна ва ўсіх мерапрыемствах, якія праводзяцца ў раёне. І гэтым разам раённы Савет ветэранаў падрыхтаваў цікавую выставу.

Вельмі разнастайны і багаты быў кірмаш. Ніхто не пайшоў дадому з пустымі рукамі. Як заўсёды, прадстаўлялі сваю прадукцыю ТП ТАА «Пухавiчыгандль», ТАА «Пухавiчымясапрадукт», СТАА «Марозпрадукт», ААТ «Машхарчпрад», Пухавіцкі камбінат бытавога абслугоўвання, Пухавіцкае райпо. Удзел у кірмашы прынялі і вытворцы іншых раёнаў. Ахвотна спыняліся пухаўчане каля гандлёвых палатак ЗАТ «Вітэкс», ПГВУП «Рэглан», СТАА «Чаўляр». Дзіцячыя цацкі, тапінарыі, разьба па дрэве і нават хатні зефір - усё гэта можна было набыць на кірмашы.

А ў фае Цэнтра культуры прадстаўлялі сваю прадукцыю прамысловыя прадпрыемствы раёна. Нам ёсць чым ганарыцца і ёсць што паказаць гасцям. Прадукцыю ААТ «Завод горнага воску», ЗАТ «Аўгуст-Бел», ТАА «Белэкатэхнiка», СТАА «Чароўны востраў» і іншых прадпрыемстваў спажыўцы ведаюць далёка за межамі нашай краіны.

З задавальненнем удзельнікі святочнага мерапрыемства фатаграфаваліся каля выстаў. У многіх застанецца на памяць на фотаздымках торт з картай нашага раёна, які вырабілі кандытары ТП ТАА «Пухавiчыгандль».

Вольга САВАСЦЮК.

Чытаць 805 разоў

© Пухавіцкі раённы выканаўчы камітэт, 2008-2020
Убачылі памылку на сайце?
Калі ласка, вылучыце тэкст з памылкай
і націсніце ctrl + enter

Яндекс.Метрика Распрацоўка і падтрымка сайта:
Група кампаній «ЦВР «КАСТРЫЧНІЦКI»