Адрас: 222811, Мінская вобласць,
г. Мар'іна Горка, вул. Ленінская, 47

РЭЖЫМ ПРАЦЫ
панядзелак - пятнiца

З 8:30 да 17:30
абед з 13:00 да 14:00
(прыём грамадзян і юрыдычных асоб згодна з зацверджаным графікам)

Тэлефон: +375 (1713) 3-51-66

Факс: +375 (1713) 6-05-96

«ГАРАЧАЯ ЛІНІЯ»: +375 (1713) 2-04-24
(у буднія дні з 8:30 да 17:30, абед з 13:00 да 14:00)

Адзіны даведачна-інфармацыйны нумар службы «адно акно »: 142

E-mail: isp@pukhovichi.gov.by 
(для дзелавой перапіскі)

Сацыяльныя сеткі: Інстаграм

04.02.2019

Пухаўшчына гасцінна сустракала «Зорны паход»

У 54-й інтэрнацыянальны «Зорны паход» па месцах баявой і працоўнай славы беларускага народа адправіліся студэнты Беларускага дзяржаўнага педагагічнага універсітэта імя Максіма Танка. Дзевяць атрадаў, якія аб'ядналі больш за 300 чалавек, раз'ехаліся ў розныя раёны Мінскай, Віцебскай, Гродзенскай і Магілёўскай абласцей. Пухаўшчына гасцінна сустракала атрад «Ёсць кантакт».

Сёлета паход прысвечаны 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Адпраўным пунктам у нашым раёне для атрада стала вайсковая частка 89417. Ля мемарыяла воінам 334-га атрада спецыяльнага прызначэння прайшоў урачысты мітынг. Кветкі ў памяць аб загінуўшых пры выкананні інтэрнацыянальнага доўгу ўсклалі студэнты і школьнікі раёна. Гасцей на пухавіцкай зямлі віталі намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Алена Шастакова і намеснік камандзіра брыгады па ідэалагічнай працы Аляксей Гвiлава. Затым атрад адправіўся на экскурсію ў музей брыгады.

— Мяне і хлопцаў вельмі ўразіла, што нас сустракаў ваенны духавы аркестр — адзначыла кіраўнік атрада Любоў Волкава. — За маю шасцігадовую практыку «Зорных паходаў» гэта было ўпершыню.

Атрад «Ёсць кантакт» аб'яднаў студэнтаў факультэта фізічнага выхавання, дашкольнай адукацыі, Інстытута інклюзіўнай адукацыі, фізіка-матэматычнага і гістарычнага факультэтаў. У «Зорны паход» адпраўляюцца лепшыя студэнты. І справа не толькі ў вучобе.

Аліна Смірнова, Атаджан Рахметаў, Лізавета Вараб'ёва.

— Усе мы, перш за ўсё, творчыя і актыўныя людзі, — кажа студэнтка 3-га курса факультэта фізічнага выхавання Лізавета Вараб'ёва. — Мы не толькі знаёмімся са славутасцямі і асаблівасцямі раёна, але і праводзім прафарыентацыйныя сустрэчы са старшакласнікамі, выступаем з канцэртамі, арганізуем інтэлектуальныя гульні, танцавальныя і песенныя конкурсы. У гэты раз падрыхтавалі каля пятнаццаці майстар-класаў па самых розных напрамках, пачынаючы ад вырабу лялек-абярэгаў з нітак і заканчваючы майстар-класам па акцёрскаму майстэрству.

Інтэрнацыянальным «Зорны паход» называецца не выпадкова. Да студэнтаў і выкладчыкаў БДПУ імя Максіма Танка далучаюцца хлопцы з Азербайджана, Казахстана, Расіі, Узбекістана і іншых краін. У атрадзе «Ёсць кантак» два замежныя студэнты — Нініка Гогахія з Грузіі і Атаджан Рахметаў з Туркменістана.

Для Атаджана гэта ўжо чацвёрты паход. Па словах студэнтаў, яму пашанцавала, бо рэдка каму ўдаецца быць байцом атрада на працягу ўсіх гадоў вучобы.

— Для мяне ў вашым раёне займальна. Шмат уражанняў пакінула экскурсія ў музей вайсковай часткі. Туркменістан мяжуе з Афганістанам, таму даведацца больш пра вайну мне было асабліва цікава. Мы ўдзячныя Людміле Галубенка, якая правяла для нас незабыўную экскурсію, — кажа Атаджан.

Малады чалавек — будучы сурдопедагог. Падчас майстар-класаў Атаджан разам са школьнікамі развучвае песню ў суправаджэнні жэставай мовы. Таксама студэнт паказвае відэапрэзентацыю аб роднай краіне і аб яе традыцыях.

Сярод удзельнікаў атрада была і наша зямлячка Аліна Смірнова, выпускніца Свіслацкай сярэдняй школы. Дзяўчына вучыцца на трэцім курсе інстытута інклюзіўнай адукацыі.

— Будучы школьніцай, я вяла актыўнае жыццё і выступала ў многіх школах раёна. Выдатна ўсё паўтарыць праз гады, — кажа Аліна. — Пухаўшчыну, у адрозненне ад іншых байцоў атрада, я ведаю добра. Мяне ў кожнай школе ўражваюць дзеці. Падабаецца абменьвацца з імі станоўчымі эмоцыямі.

Экскурсію ў музеі вайсковай часці 89417 праводзіць Людміла Галубенка.

Мы гутарылі з хлопцамі падчас прэзентацыі дзейнасці цэнтра турызму дзяцей і моладзі. Будучыя педагогі паспрабавалі сябе ў ролі скалалазаў. З нецярпеннем чакалі студэнты гульні ў прастынбол, якая стала для іх адкрыццём. Правілы байцы засвоілі адразу і атрымалі ад гульні масу уражанняў.

За тыдзень хлопцы наведалі Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі «Світанак», Пухавіцкую спецыялізаваную дзіцяча-юнацкую школу алімпійскага рэзерву, Сядзібна-паркавы комплекс «Дукорскі маёнтак», Пухавіцкі раённы краязнаўчы музей. Правялі канцэртныя праграмы і майстар-класы ў навучальных установах Мар'інай горкі: СШ №3, СШ № 4, КПК дзіцячы сад-сярэдняя школа, гімназіі, а таксама ў Голацкiм КПК дзіцячы сад-сярэдняя школа, Свіслацкай сярэдняй школе. Гэты тыдзень на Пухаўшчыне, па прызнанні студэнтаў, запомніцца ім надоўга. Дарэчы, хлопцы, якія ўпершыню адправіліся ў «Зорны паход», паспяхова прайшлі прысвячэнне ў байцы атрада.

Кацярына ВЕРНIКОЎСКАЯ

 

Чытаць 617 разоў

© Пухавіцкі раённы выканаўчы камітэт, 2008-2020
Убачылі памылку на сайце?
Калі ласка, вылучыце тэкст з памылкай
і націсніце ctrl + enter

Яндекс.Метрика Распрацоўка і падтрымка сайта:
Група кампаній «ЦВР «КАСТРЫЧНІЦКI»