Азімы рапс вырошчвалі ў СГФ «Чырвоны май», СУП «Дукора Агра», ПСУ «Рудзенскае», СПФ «Дрычын», ЭБ «Зазер’е», ААТ «Агра-Абярэг», «Голацк».
Аднымі з першых пачалі яго ўборку ў ААТ «Энергія Агра». Пад рапс у ААТ «Энергія Агра» адвялі 250 гектараў. Першыя гектары абмалочвае Аляксандр Крэпскі, які працуе ў філіяле «Агра-Тэх» ТАА «Рэмагразапчасткасэрвіс», а на час уборкі ўраджаю задзейнічаны ў ААТ «Энергія Агра». На камбайн ён устанавіў спецыяльную рапсавую прыстаўку.
— Рапс лёгка абсыпаецца, таму неабходна падабраць хуткасць і наладзіць патрэбныя абароты матавіла, — адзначае камбайнер. — У першы дзень я зрабіў так званыя тэхналагічныя праразанні, сабраў 5 бункераў насення рапсу.
Як адзначыў галоўны аграном гаспадаркі Раман Харламаў, пакуль убіраюць участкі выбарачна, на ўзвышшах, дзе саспеў ураджай. Рапс з поля паступае з 17-працэнтнай вільготнасцю, таму патрабуе дадатковай дапрацоўкі. Ужо заўважана: каб атрымаць насенне рапсу высокай таварнай якасці, неабходна ўбраць яго ў аптымальныя тэрміны. Цяпер добрае надвор’е для гэтай работы, а калі чакаць, то можна страціць ураджай, бо насенне можа абсыпацца проста на полі. Салому пасля рапсу здрабняюць. У бліжэйшы час на ўборку выйдзе яшчэ адзін камбайн.
З першых гектараў атрымліваюць ураджай большы за леташні — 19 цэнтнераў. 100 тон насення плануюць здаць у лік дзяржзаказу, а астатняе — на рэалізацыю. Дырэктар ААТ «Энергія Агра» Валерый Каваленка адзначае, што зусім хутка ў гаспадарцы пачнецца масавая ўборка ўраджаю. Усяго тут даспявае 960 гектараў азімых і 200 гектараў яравых культур. Уся збожжаўборачная тэхніка ўжо атрымала допуск да работы. Падрыхтаваны і аўтамашыны: на іх нарасцілі і ўшчыльнілі барты кузава, каб не прасыпалася збожжа.
Источник:https://www.gorka.by/kambajnery-rayona-akty%D1%9Ena-%D1%9Ebirayuc-azimy-raps/