Увесну ў сельскагаспадарчых арганізацыях плануецца пасеяць 7304 гектары яравых збожжавых культур (без кукурузы, грэчкі і проса). Усе сельскагаспадарчыя арганізацыі прыступілі да сяўбы ранніх яравых збожжавых і зернебабовых культур.
Самыя вялікія плошчы пад гэтыя культуры адвялі ў ААТ «Індустрыя-СГ» — 900 гектараў. Большую плошчу — 750 гектараў — зоймуць яравымі культурамі ў СУП «Дукора-Агра». У ААТ «Пухавіцкі райаграсэрвіс» — 800 гектараў.
Сеюць пакуль выбарачна, у тых месцах, дзе падсохла зямля і можа прайсці тэхніка. На сённяшні дзень вялікі аб’ём работ выкананы на палях ААТ «Зазерка», дзе пасеялі 66 працэнтаў да плана. У ААТ «Індустрыя-СГ» збожжа ў глебу лягло на 233 гектарах, што склала 26 працэнтаў да плана.
У ААТ «Голацк» яравы клін складае 300 гектараў. Пры добрым надвор’і можна засяваць да 60 гектараў за дзень. Паводле слоў дырэктара сельгаспрадпрыемства Дзмітрыя Ленкаўца, вялікі задзел у гаспадарцы быў зроблены яшчэ восенню, каб вызваліць час вясной. Было пасеяна 1705 гектараў азімых збожжавых культур. Ужо можна зрабіць выснову: перазімавалі яны вельмі добра.
Старт вясновай пасяўной у гаспадарцы даў Аляксандр Лях.
— У першы дзень я пасеяў 50 гектараў, — кажа сеяльшчык. — Трэці сезон выконваю гэтую работу. Калі поле роўнае і доўгае, то і працаваць на ім прыемна. Глебу для мяне рыхтуе Віталь Гараўскі. У дзень, калі дазваляюць умовы надвор’я, магу пасеяць да 65 гектараў.
У гаспадарцы да пасяўной рыхтаваліся загадзя: падрыхтоўвалі глебу, культывавалі, уносілі арганічныя ўгнаенні. Разам з тым, вялася падкормка азімых і траў. Кожны адказвае за свой участак працы. Цяпер важна нарошчваць тэмпы і не губляць час.
Анастасія ПЛЯТНЁВА.