Дошка на будынку чыгуначнага вакзала ў Тальцы была ўсталявана ў 1997 годзе. Але прайшоў час, і яна патрабавала аднаўлення. Што і было зроблена пасля рамонту будынка вакзала. На дошцы надпіс: “Улетку з сям’ёю ў мястэчку Талька (1933-1934), у вёсцы Загібелька (1935 — не існуе) адпачываў і працаваў народны паэт Беларусі Якуб Колас”.
У гонар падзеі прайшла невялікая цырымонія, у якой прынялі ўдзел унучка Якуба Коласа Вера Міцкевіч, супрацоўнікі дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа (у гэтым годзе, дарэчы, музею спаўняецца 60 гадоў), раённага краязнаўчага музея, раённай бібліятэчнай сістэмы.
Дырэктар раённага краязнаўчага музея Аляксандр Прановіч напомніў, што Колас палюбіў Пухавіччыну і лічыў яе сваёй другой радзімай. У Тальцы паэт кватараваў у хаце былога ляснічага Аляксандра Яўсейчыка. Сёння вядома, дзе знаходзілася яго сядзіба. Удзельнікі мерапрыемства пабывалі на гэтым месцы. З усіх будынкаў там захаваўся хлеў, а хата была перабудавана.
Сёння памятныя дошкі ў гонар Якуба Коласа ўсталяваны ва ўсіх месцах нашага раёна, тым ці іншым чынам звязаных з паэтам: у Тальцы, Балачанцы, Пухавічах, Мар’інай Горцы. У раённым краязнаўчым музеі створана экспазіцыя “Якуб Колас: прырода і людзі роднага краю”.
Наталля ПАРХОМЧЫК.