На базе Блонскага сельскага Дома культуры адбыўся конкурс фальклорных пабытовых танцаў “Фальк-фэст”, у якім прынялі ўдзел 24 пары, прадстаўнікі розных Дамоў культуры.
Усе ўдзельнікі был падзелены на тры ўзроставыя катэгорыі. Для кожнай з іх быў вызначаны пэўны набор танцаў. У першую катэгорыю ўвайшлі ўдзельнікі ўзростам з 7 да 11 гадоў: ім прапанавалі выканаць танцы кракавяк і карапет. Другую катэгорыю склалі ўдзельнікі 12-16 гадоў: яны танчылі падэспань і ойру. Трэцюю катэгорыю складалі ўдзельнікі ад 17 гадоў і старэйшыя: яны выконвалі матлёт і польку.
І агульнай для ўсіх часткай конкурснай праграмы стала лявоніха, якая пасля заканчэння творчага іспыту сабрала ўсіх у агульны карагод.
Быў конкурс ёсць і пераможцы. У першай узроставай катэгорыі лепшымі з лепшых сталі Ангеліна Жук і Паліна Кавалёва, прадстаўляўшыя Свіслацкі горпасялковы Дом культуры. У другой узроставай катэгорыі перамаглі Арцём Мельнічук і Аляксандра Філімончык з Рудзенскага горпасялковага Дома культуры. Сярод самых старэйшых удзельнікаў пераможцамі сталі Наталля і Юрый Крывашэй з Борскага сельскага Дома культуры.
Ініцыятары гэтага фестывалю народны фальклорны ансамбль Зарачанка і дзіцячы фальклорны ансамбль Зарачаначка Блонскага сель-скага Дома культуры. Яны як сапраўдныя гаспадары, што прымаюць у сябе гасцей, паклапаціліся, каб усім было ўтульна і цікава. У перапынках паміж творчымі іспытамі яны правялі майстар-клас фальклорных танцаў, якія не былі заяўлены ў конкурснай праграме. Раённы цэнтр культуры падрыхтаваў для ўсіх удзельнікаў падарункі, якія яны атрымалі разам з дыпломамі.
Мы плануем зрабіць гэты конкурс традыцыйным, падзялілася думкамі намеснік дырэктара раённага цэнтра культуры Анастасія Шнэк. Праходзіць ён будзе на розных пляцоўках. Вельмі хочацца, каб наш танцавальны Фальк-фэст зацікавіў як мага больш людзей, каб праз яго пачала распаўсюджвацца любоў да народных танцаў.
Наталля ПАРХОМЧЫК.