Механізатар Аляксандр Кікот.
Восень сёлета прыносіць шмат сінаптычных сюрпрызаў. У Віцебскай вобласці ўжо выпаў і растаў першы снег, у Брэсцкай на гэтым тыдні было да +18 градусаў. За прагнозам надвор’я асабліва ўважліва сочаць работнікі сельскай гаспадаркі. З восеньскіх работ ім засталося толькі ўзняцце зябліва.
Некаторыя гаспадаркі раёна з восеньскім ворывам цалкам справіліся. У ААТ “Зазерка” заарана 1550 гектараў, у ААТ “Голацк” — 1250 гектараў, у ПСУ “Рудзенскае” — 957 гектараў. Да завяршэння гэтага віду работ набліжаюцца земляробы ААТ “Агра-Абярэг”, СУП “Дукора-Агра”, ААТ “Племянны завод “Індустрыя”. План па ўзняцці зябліва ў раёне выкананы на 78 працэнтаў.
Заараць усю неабходную плошчу да наступлення моцных маразоў спадзяецца і калектыў ААТ “Аграсімвал”. Пад зябліва адведзена 1520 гектараў. Ужо заарана больш за 1040 гектараў.
Механізатар Павел Валасевіч.
— На восеньскім ворыве задзейнічаны Анатоль Лабанок, Павел Валасевіч, Аляксандр Кікот, Іван Абакунчык, які гэтымі днямі дапамагае ў сельгасфіліяле “Дрычын”. Мы сабралі такую каманду, каб ва ўсіх была магчымасць зарабіць грошы. Усе гэтыя механізатары не першы год выязджаюць у поле з плугамі, работу ведаюць, — расказвае галоўны аграном ААТ “Аграсімвал” Марыя Цымановіч.
8500 тон арганікі (99 працэнтаў ад плана) ўжо вывезена на палі. У гаспадарцы арганізавалі свой працоўны атрад. Пагрузчыкам кіраваў Сяргей Руды. Уладзімір Журавель, Міхаіл Бабук, Уладзімір Зуб, Уладзімір Савіч, Аляксандр Руды, Андрэй Баёк і Георгій Фурс адвозілі арганіку на палі. Уносіць угнаенні будуць вясной пад яравую сяўбу.
Кацярына ДАБРЫЦКАЯ.