IMG 20241024 161646 137

Адрас: 222811, Мінская вобласць,
г. Мар'іна Горка, вул. Ленінская, 47

РЭЖЫМ ПРАЦЫ
панядзелак - пятнiца

З 8:30 да 17:30
абед з 13:00 да 14:00
(прыём грамадзян і юрыдычных асоб згодна з зацверджаным графікам)

Тэлефон: +375 (1713) 3-51-66

Факс: +375 (1713) 6-05-96

«ГАРАЧАЯ ЛІНІЯ»: +375 (1713) 2-04-24
(у буднія дні з 8:30 да 17:30, абед з 13:00 да 14:00)

Адзіны даведачна-інфармацыйны нумар службы «адно акно »: 142

E-mail: isp@pukhovichi.gov.by 
(для дзелавой перапіскі)

Сацыяльныя сеткі: Інстаграм

12.10.2018

У ААТ «Зазерка» ўзялі арыенцір на нарыхтоўку кармоў

Механізатар Андрэй Куслій.

— З якой нагоды завіталі на гэты раз? —  з усмешкай   пытаецца  ў  мяне дырэктар ААТ “Зазерка”  Андрэй   Папельскі, калі мы  сустрэліся на мехдвары гаспадаркі.

— Святкуем “Дажынкі”. Рыхтую матэрыял пра вынікі жніва, — адказваю я.

— Жніво? Здаецца, яно было так даўно…

Андрэй Станіслававіч не першы з кіраўнікоў, хто гаворыць пра гэта. Крыху больш за месяц прайшло з моманту заканчэння ўборачнай кампаніі. Услед за ёй адразу прыйшлі  шматлікія восеньскія клопаты: прасаванне саломы, ворыва, падрыхтоўка глебы, унясенне ўдабрэнняў, сяўба азімых, нарыхтоўка кармоў. Не дзіўна, што сярод гэтага кругавароту палявых работ пра завершанае жніво сталі ўспамінаць усё радзей.   

12 10 2018 6

Вадзіцель Віталь Бурчыц.

Убіралі  збожжавыя  і  зернебабовыя культуры хлебаробы ААТ “Зазерка” сёлета на 2475 гектарах. На палях працавалі дзесяць камбайнаў. Іон Панфіл,  Андрэй Клунко, Міхаіл  Булгак,  Сяргей Кашмель, Мікалай Лашнец, Павел Навічыхін, Пётр Юркевіч сярод тых, хто дадаваў запаветныя тоны на рахунак гаспадаркі. На адвозцы ў асноўным спраўляліся сваімі сіламі. Вадзіцелі Міхаіл Навіцкі, Вячаслаў Бурчыц, Аляксандр Холад і Віктар Нехвядовіч аператыўна дастаўлялі збожжа на  зернесушыльныя  комплексы.

Вадзіцель Міхаіл Навіцкі.

Канчатковы намалот сельгасарганізацыі — 7252 тоны збожжа. Летась гэта лічба склала амаль 11 тысяч тон. Прычына відавочнай розніцы — у надвор’і: гэты год не спрыяльны для   збожжавых культур. Сярэдняя ўраджайнасць — 29,3 цэнтнера з гектара. Сёлетняя спякота адбілася на пясчаных землях у Сяргеевічах,  якія   ў  мінулым   годзе далучылі  да  ААТ  “Зазерка”.

Механізатар Міхаіл Булгак.

— У нашай працы не бывае так, каб з году ў год быў адзін і той жа вынік. Многае залежыць ад надвор’я, а яно непрадказальнае, — гаворыць галоўны аграном Аляксандр Сідорык. — У прыватнасці, для нашай гаспадаркі я б не назваў гэты сезон дрэнным або няўдалым. Так,  мы не атрымалі  запланаванага   ўраджаю збожжа, затое ў нас усё атрымалася на іншых  відах  работ.  Мы  своечасова завяршылі сяўбу азімых: яны ўжо растуць на 1600 гектарах. Паспяхова прайшла корманарыхтоўчая кампанія. Мы нарыхтавалі больш за 18 тысяч тон сенажу: 146 працэнтаў да мінулага года. Радуе сёлета і кукуруза. 600 тон ужо намалацілі на зерне.  З 150 гектараў атрымалі добры ўраджай цукровых буракоў. Гэтая салодкая культура другі год становіцца для нас прыбытковай.

Падчас жніва “нябесная канцылярыя” быццам прасіла прабачэння ў хлебаробаў за іх невысокія намалоты: надвор’е на працягу трох тыдняў спрыяла якаснай уборцы ўраджаю. Надоўга запомніць гэты сезон Міхаіл  Булгак: ён  заняў  першае месца ў раённым спаборніцтве сярод маладых камбайнераў.

Механізатар Уладзімір Сідаровіч.

— На камбайне я працаваў трэці год. Гэта мая першая ўзнагарода на такім высокім узроўні, — расказвае Міхаіл. —  Быць лепшым, безумоўна, прыемна. У чым сакрэт поспеху? Працаваць трэба з задавальненнем.

Ужо месяц Міхаіл займаецца ворывам. Маладому чалавеку ўпершыню даверылі гэты від работ.  Ён прызнаўся, што першыя дні было крыху складана, цяпер жа да трактара з плугамі прызвычаіўся.

Механізатар Іон Панфіл.

Вадзіцель Міхаіл Навіцкі сёння  не  ўпершыню  выйдзе на сцэну за ўзнагародай. Міхаіл Васільевіч заняў трэцяе месца ў раёне па выніках   жніва.  У  ліку  прызёраў і аператар зернесушыльнага комплексу Юрый Звездзін.

— Работы ў гэтым годзе хапіла ўсім. Жаданне працаваць было ва ўсіх  нашых механізатараў  і   вадзіцеляў.  Асабіста    мне   цяжка   кагосьці выдзеліць, бо старалася ўся каманда, —  адзначае дырэктар Андрэй Папельскі. —  Актыўна на прэсаванні саломы шчыраваў Віктар Бурак. У маладога механізатара Мікіты Федаровіча атрымаўся другі паспяховы сезон.

Пасля заканчэння ўборачнай земляробы пачалі пасяўную кампанію. Уладзімір Сідаровіч выехаў на падрыхтоўку глебы пад азімую сяўбу. Працаваць яму давялося ў няпростых умовах. Вымушаныя перапынкі адбываліся з-за паломак, аднак іх механізатар хутка ліквідаваў.

Механізатар Сяргей Шчэрба.

— Падрыхтоўку глебы мы завяршылі, — расказаў Уладзімір Сідаровіч, якога выпадкова сустрэлі на мехдвары. — У  “Зазерцы” працую сем гадоў, пераехаў сюды з Магілёўскай вобласці. Наперадзе — адпачынак. Я задаволены,  што сезон работ завяршаецца.

На сяўбе вылучыўся Сяргей Шчэрба. Ён адзін пасеяў 400 гектараў азімага рапсу, пасля сеяў збожжавыя. На яго рахунку больш за 1200 гектараў. Па словах кіраўніка гаспадаркі, Сяргей   Шчэрба  з  тых   людзей,  якія  бяруцца за  любую  работу і заўсёды выконваюць яе якасна.

Такія ж добрыя словы прагучалі ў адрас Андрэя Куслія, які ўносіў мінеральныя ўдабрэнні і займаўся хімпраполкай, і Аляксея Вераскоўскага, задачамі якога сёлета былі ворыва і сяўба.

Вадзіцелю Віталю Бурчыцу, які таксама адказвае за пытанні забеспячэння ў  гаспадарцы, за сезон не раз давялося пабываць у камандзіроўках у розных кутках Беларусі. Усе дэталі і запчасткі Віталь заўсёды прывозіў своечасова.

Гэтымі днямі ў гаспадарцы працягваецца нарыхтоўка кармоў. Запас бяды не чыніць, тым больш, што такую кукурузу, як у гэтым годзе, убіраць прыемна. На кормаўборачных камбайнах   працуюць  Сяргей  Дароўскі і Іон Панфіл.

У  “Зазерцы” ўзялі арыенцір на нарыхтоўку кармоў. У гэтым годзе пабудавалі новую сіласна-сянажную траншэю на малочнатаварнай ферме “Узляны” і дзве траншэі на ферме “Зазерка”. Сілас, сянаж і фураж у сельгасарганізацыі ёсць — кармамі галіна жывёлагадоўлі будзе забяспечана. Яна, як вядома, прыносіць пастаянны прыбытак гаспадарцы.

Кацярына ВЕРНІКОЎСКАЯ.

Чытаць 4671 разоў

© Пухавіцкі раённы выканаўчы камітэт, 2008-2020
Убачылі памылку на сайце?
Калі ласка, вылучыце тэкст з памылкай
і націсніце ctrl + enter

Яндекс.Метрика Распрацоўка і падтрымка сайта:
Група кампаній «ЦВР «КАСТРЫЧНІЦКI»