Уборкай кукурузы займаюцца Алег Зянковіч і Іон Панфіл.
На палях ААТ “Зазерка” ўжо добра бачны зялёныя ўсходы азімых збожжавых культур. Сеяць іх пачалі 25 жніўня, у адпаведнасці з аптымальнымі агратэх-нічнымі тэрмінамі. Пад азімую пшаніцу, трыцікале і жыта адведзена 1650 гектараў.
На сяўбе працуюць Сяргей Шчэрба і Павел Навічыхін, на падвозе зерня — Віктар Нехвядовіч і Мікіта Федаровіч. У перспектыве да сейбітаў далучыцца Аляксей Вераскоўскі, які пакуль праводзіць ворыва. Азімыя збожжавыя ўжо пасеяны на больш чым 510 гектарах.
— На перадпасяўной падрыхтоўцы глебы і ворыве задзейнічана шмат людзей. Калі ў механізатараў перапынкі ў асноўных відах работ, яны займаюцца іншымі. Таму я і патрабую, каб тэхніка заўсёды была спраўная, — гаворыць кіраўнік сельгаспрадпрыемства Андрэй Папельскі. — Мы стараемся арганізаваць працу такім чынам, каб не было непатрэбнага чакання і перапынкаў у рабоце.
Сяўба — толькі адзін з васьмі відаў сялянскіх восеньскіх работ, як кажа прымаўка. У гэтым я ўпэўнілася, калі разам з дырэктарам праехалася па палях.
Механізатар Сяргей Шчэрба.
Кормаўборачныя камбайны і аўтамабілі ледзь бачныя сярод высокай кукурузы. На двух КВК-800 працуюць Іон Панфіл і Сяргей Дароўскі. На адвозцы зялёнай масы задзейнічана некалькі сваіх вадзіцеляў.
— Наша першачарговая задача — забяспечыць кормам жывёлу. Пакуль кукурузу ўбіраем на сілас. Калі нарыхтуем яго ў дастатковай колькасці, будзем убіраць злакавую расліну на зерне. У планах намалаціць 500-600 тон зерня кукурузы, — расказвае кіраўнік гаспадаркі. — З кармамі ў нас складанасцей быць не павінна. Нарыхтавана 18500 тон сенажу. Па нашых разліках гэтага хопіць на паўтары гады.
На іншым полі заўважаю два буракаўборачныя камбайны. Гэта тэхніка аднаго з прыватных прадпрыемстваў. Загружаюць салодкія караняплоды сваімі пагрузчыкамі. Дастаўку ўраджаю ажыццяўляе тэхніка, запрошаная з ААТ “Слуцкі цукроварафінадны камбінат”.
Механізатары Мікіта Федаровіч і Канстанцін Максімчык.
— Убіраем буракі другі дзень, сёлета іх сеялі на 150 гектарах, — працягвае Андрэй Папельскі. — Ужо можна сказаць, што прыбытак з гэтай культуры мы атрымаем. Вырошчваць цукровыя буракі плануем і на наступны год. Гліфасаты ўжо ўнеслі, цяпер вывозім на палі арганіку. На зіму абавязкова правядзём ворыва.
Амаль уся тэхніка гаспадаркі цяпер на палях. Напружаная пара для механізатараў і вадзіцеляў працягваецца. Аднак на стомленасць і адсутнасць выхадных ніхто не скардзіцца. “Уцягнуліся”, — з усмешкай гавораць работнікі прадпрыемства, і пасля кароткага перапынку дзеля фотаздымкаў працягваюць закладваць аснову будучага ўраджаю і ўборку кармоў.
Кацярына ВЕРНІКОЎСКАЯ.