У Пухавіцкім раённым цэнтры культуры прайшла галоўная ёлка раёна. Яе гасцямі сталі дзяўчынкі і хлапчукі, якія дзякуючы свайму таленту і працавітасці атрымалі поспех у вучобе і спорце, сталі пераможцамі конкурсаў і прадметных алімпіяд.
Творчы калектыў установы падрыхтаваў для дзяцей яркае навагодняе прадстаўленне «Казка чароўнага лесу». Асабліва юных гледачоў уразіла разнастайнасць эфектаў: сцэна глядзельнай залы ў адно імгненне ператварылася ў чароўны лес, затым — пірацкі карабель, сажалку, а работнікі Дома культуры — у казачных персанажаў.
Не толькі дзеці, але і дарослыя з заміраннем назіралі за прыгодамі герояў.
Мілана Паўлоўская, навучэнка Дуброўскай сярэдняй школы:
— Мне вельмі спадабалася свята. Прадстаўленне было вельмі яркім і запамінальным. Я з вялікай цікавасцю назірала за артыстамі, у іх былі вельмі прыгожыя касцюмы. Асабліва спадабаўся галоўны апавядальнік па сюжэце лясун па імені Лешык: ён быў вельмі вясёлы і пацешны.
Алеся СМІРНОВА