Чэк «Маёмасць» - гэта каштоўная папера, якая пацвярджае права грамадзяніна на ўдзел у бязвыплатнай прыватызацыі і выкарыстоўваецца толькі ў якасці плацежнага сродку пры набыцці аб'ектаў прыватызацыі.
Найбольш аптымальным і сёння адзіным спосабам выкарыстання чэкаў па мэтавым прызначэнні з'яўляецца іх абмен на акцыі прадпрыемстваў, якія належаць дзяржаве. Набытыя акцыі - гэта каштоўныя паперы, якія сведчаць ужо рэальныя маёмасныя правы грамадзяніна, а таксама права на ўдзел ва ўпраўленні акцыянерным таварыствам, атрыманне часткі прыбытку ў выглядзе дывідэндаў, атрыманне часткі маёмасці таварыства (або яго кошту) у выпадку ліквідацыі прадпрыемства. Пры гэтым акцыя, з'яўляючыся бестэрміновай каштоўнай паперай, існуе да таго часу, пакуль існуе прадпрыемства. Акцыя валодае рэальным коштам, які залежыць не толькі ад стану самога прадпрыемства, але і ад фінансавых вынікаў яго працы (інфармацыя ёсць на Адзіным партале фінансавага рынку www.portal.gov.by), перспектыў развіцця і іншых абставін.
У адносінах да набытых акцый грамадзянін мае права па сваім меркаванні здзяйсняць любыя дзеянні, у тым ліку адчужаць, перадаваць у заклад ці давернае кіраванне.
У цяперашні час для абмену на чэкі «Маёмасць» прапануюцца акцыі больш за 170 акцыянерных таварыстваў рэспубліканскага і рэгіянальнага значэння, у ліку якіх прадпрыемствы прамысловага, будаўнічага і аграпрамысловага комплексаў, транспарту, гандлю і іншых галін (пералік таварыстваў размешчаны на сайце ААТ «ААБ Беларусбанк» https://belarusbank.by/be/fizicheskim_licam/33357/28809/1776).
Для набыцця акцый у абмен на чэкі «Маёмасць» трэба звярнуцца ў найбліжэйшае падраздзяленне ААТ «ААБ Беларусбанк», якое выконвае такія аперацыі, з пашпартам і сертыфікатам чэкаў.
Абмен чэкаў «Маёмасць» на акцыі ў Пухавіцкім раёне ажыццяўляецца ў Цэнтры банкаўскіх паслуг № 626 ААТ «ААБ Беларусбанк», г. Мар'іна Горка, вул. Ленінская, д. 27, тэлефон (801713)35397.
Звесткі аб фінансава-гаспадарчай дзейнасці таварыстваў і велічыні дывідэндаў, якія выплачваюцца, размешчаны на Адзіным партале фінансавага рынку www.portal.gov.by .
Падрабязную інфармацыю па пытаннях выкарыстання і абмену чэкаў «Маёмасць» можна атрымаць у камітэце дзяржаўнай маёмасці Мінскага аблвыканкама па тэлефонах (8017) 500-45-13, 500-45-08, e-mail: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду..