Я добра памятаю той час, калі нямецкая мова пачала ў якасці эксперымента вывучацца гімназістамі як другая замежная мова (паралельна з англійскай). А потым год за годам усё больш заваёўвала ўвагу вучняў. Асабліва тады, калі па ініцыятыве Таццяны Мікалаеўны былі ўстаноўлены сяброўскія сувязі з гімназіяй Марцінеум, і нашы гімназісты ўпершыню пабывалі ў Германіі. А потым не раз сустракалі на Пухавіччыне нямецкіх гімназістаў. Праект ажыццяўляецца ўжо 10 гадоў, і цікавасць да вывучэння нямецкай мовы толькі расце. Таму не дзіўна, што цяпер гімназісты паказваюць на прадметных алімпіядах, конкурсах і на цэнтралізаваным тэсціраванні цудоўныя вынікі. Напрыклад, Марыя Кадземік пры паступленні набрала 96 балаў, а Надзея Андык нядаўна атрымала дыплом 3-й ступені на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды па нямецкай мове.
У настаўніцы ёсць яшчэ адна нагода, каб ганарыцца сваімі вучнямі: некаторыя з іх выбралі для сябе такую ж прафесію. Выкладаюць нямецкую мову Ганна Кузуб, Юлія Паршына, Вікторыя Кулакевіч, Аліна Панова. На выдатна скончылі магістратуру па нямецкай мове Анастасія Андык і Паліна Рысевец, якая засталася выкладаць ва ўніверсітэце. І гэта не ўсе былыя вучні Таццяны Мікалаеўны, хто заўсёды з жаданнем і ўдзячнасцю спяшаецца да сваёй настаўніцы. У мінулую суботу многія з іх прыйшлі ў гімназію на вечар сустрэчы выпускнікоў. І гэта сустрэча была вельмі радаснай.
Алена ІВАНОВА.