Aдрес: 222811, Минская область,
г. Марьина Горка, ул. Ленинская, 47

РЕЖИМ РАБОТЫ
понедельник – пятница

С 8:30 до 17:30
обед с 13:00 до 14:00
(прием граждан и юридических лиц согласно утвержденному графику)

Телефон: +375 (1713) 3-51-66

Факс: +375 (1713) 6-05-96

«Горячая линия»: +375 (1713) 2-04-24
(в будние дни с 8:30 до 17:30, обед с 13:00 до 14:00)

Единый справочно-информационный номер службы «одно окно »: 142

E-mail: isp@pukhovichi.gov.by
(для деловой переписки)

Социальные сети: Инстаграм

07.09.2023

Страшны лёс Беразянкі…

Час ад часу звяртаюся да кнігі “Памяць: Пухавіцкі раён”. І кожны раз з удзячнасцю думаю і пра тых людзей, якім належыць ідэя стварэння гэтай кнігі, і пра тых, хто правёў такую вялікую сур’ёзную работу па падборы дакументаў і фактаў. Добра прадстаўлены ў гэтым выданні перыяд Вялікай Айчыннай вайны і пасляваеннага аднаўлення. Ваенныя старонкі пранізаны болем. За лічбамі і фактамі — лёсы тысяч людзей, многія з якіх, на жаль, не дажылі да Перамогі.

За гады акупацыі на тэрыторыі Пухавіцкага і Рудзенскага раёнаў фашысты правялі пяць карных аперацый, знішчылі больш за шэсць тысяч мірных жыхароў, каля тысячы чалавек былі загнаны ў фашысцкае рабства. Акупанты поўнасцю спалілі 75 вёсак, яшчэ 65 — часткова. Некалькі вёсак былі спалены разам з жыхарамі. Такі страшны лёс напаткаў і Беразянку.

У сакавіку споўнілася 80 гадоў з дня жудаснай хатынскай трагедыі, пра якую ведаюць у многіх краінах свету. Беразянка — сястра Хатыні. Гэтыя вёскі ў 1943 годзе напаткала адна бяда.

Вёска Беразянка знаходзілася недалёка ад маёй роднай вёскі Пухавічы. Але ўпершыню я даведалася пра Беразянку ў школьныя гады, калі разам з настаўнікамі наведала мемарыяльны комплекс “Хатынь”. Там экскурсавод паказаў могілкі вёсак. На гранітнай пліце была выбіта і назва “Беразянка”.

А потым аднойчы, вандруючы па лесе ў пошуках грыбоў, мы з татам выйшлі на тое месца, дзе да вайны жылі беразянцы. Там стаяў толькі сціплы помнік, ды шумелі навокал бярозы, сосны, яліны…

У даваенны час у гэтай невялікай, затуленай сярод лясоў вёсачцы, было 19 двароў, жыло 80 жыхароў.

Пачынаючы з 30-х гадоў мінулага стагоддзя, на Пухавіччыне рэгулярна адпачываў народны паэт Беларусі Якуб Колас. Ён лічыў наш край сваёй другой радзімай. З 1934 па 1938 год Колас жыў у Тальцы, Загібельцы (якую ў адным са сваіх вершаў назваў лепшай за Парыж), у Падбярэжжы і Вусці.

А два перадваенныя гады сям’я паэта правяла ў Беразянцы. Адно лета — у хаце лесніка Лявона Шчэрбы, другое — у селяніна Карлюкевіча. Тут Колас працаваў над п’есай “Вайна — вайне”.

У адным з лістоў свайму сябру Сяргею Гарадзецкаму паэт выказваў захапленне гэтымі прыгожымі мясцінамі і казаў, што вельмі задаволены адпачынкам у Беразянцы.

“Некалькі слоў аб маім новым месцы, — пісаў ён. — Яно надзвычай ціхае. З аднаго боку — сасновы лес, дакладней, градкі сасняку, якія перапыняюцца пясчанымі пусткамі. Аднак далей цягнецца вялікі лясны масіў. З другога боку — шырокая, надзвычай прыгожая Свіслач, такая цудоўная. Трапляюцца на ёй такія куткі, ад якіх цяжка адвесці вочы… Я жыву ў доміку лесніка… Наогул я задаволены сваім жыццём на адпачынку ў Беразянцы”.

Якуб Колас хадзіў у лес па грыбы, вудзіў рыбу, прымаў удзел у калгасных дажынках. Паэт сябраваў з сялянамі, часта да яго прыходзілі вясковыя дзеці. У госці да Коласа ў Беразянку прыязджаў паэт Пятро Глебка.

У гэтай вёсачцы Колас марыў пабудаваць дачу. Было вызначана месца, завезена бярвенне. Пачаць будаўніцтва планавалі летам 1941 года. Планы песняра, як і тысяч жыхароў мірнай Беларусі, парушыла вайна.

Якуб Колас з сям’ёй эвакуіраваўся ў Ташкент. У жніўні 1943 года ён атрымаў пісьмо ад былога старшыні калгаса Клемуса Жука, які ваяваў у партызанскім атрадзе. Паэт напісаў ліст у адказ, у якім цікавіўся лёсам жыхароў Беразянкі. А 6 верасня вёскі не стала…

Шаснаццаць вяскоўцаў ваявалі з фашыстамі ў партызанскім атрадзе. Партызан падтрымлівалі мясцовыя жыхары. За гэта з імі і расправіліся акупанты.

Яны прыйшлі ў Беразянку раніцай і сталі выганяць лю-дзей з хат нібыта на сход. Некаторыя вяскоўцы зразумелі, што можа здарыцца бяда, і кінуліся да балота. Другія ўцяклі за раку ў суседнюю Балачанку. Астатніх карнікі загналі ў канюшню, зачынілі дзверы і падпалілі. Людзі праз маленькае акенца выштурхнулі некалькі дзяцей на вуліцу, і тыя паспелі схавацца ў лесе.

У канюшні стаялі крыкі, плач. Пад напорам людзей не вытрымалі дзверы, але тых, хто выбег на вуліцу, адразу расстрэльвалі. Трагедыя забрала жыцці 43 жыхароў Беразянкі. Была сярод іх і маці вядомай беларускай мастачкі Соф’і Лі, якая ў пачатку вайны прыехала ў Беразянку разам з дванаццаці-гадовым сынам. З 1942 года яна была партызанкай атрада “Перамога”, які базіраваўся ў навакольных лясах, а хлопчык быў партызанскім сувязным.

Пасля трагедыі партызанка Яніна Крайнік напісала паэму “Голас з Беразянкі”. Яна паслала яе Якубу Коласу на Вялікую зямлю.

“З пажаўцелых кутоў

ды з халоднай зямлянкі

Рвецца голас к табе,

дарагі наш пясняр.

Голас тых, хто застаўся

жывы з Беразянкі,

Расказаць, што зрабіў з ёй

чужынец-дзікар…”

Радкі паэмы былі пранізаны болем і гневам.

У мірны час вёска не аднавілася. Сярод бярозак і елак стаіць толькі помнік ахвярам той жудаснай трагедыі. На ім прозві-шчы 43 чалавек, якія загінулі ў полымі вайны. Некаторыя цэлымі сем’ямі: Карлюкевічы, Майко, Скарабагатыя… Сярод іх былі дзеці ва ўзросце ад 1 да 13 гадоў.

Пасля вайны Якуб Колас наведаў родныя яго сэрцу мясціны. Гэта быў цяжкі для паэта час. Загінуў на вайне сын Юрка, пайшла з жыцця жонка Марыя Дзмітрыеўна. Вялікая бяда адбылася ў тым куточку Пухавіччыны, які ён любіў ўсёй душой.

Беразянкі даўно няма на карце нашага раёна. Але жыве памяць пра гэтую вёсачку і яе жыхароў. У святочныя дні да помніка заўсёды ўскладаюць кветкі. У верасні ў раёне пройдуць мерапрыемствы, у час якіх будуць успамінаць трагедыю Беразянкі.

Вучні Пухавіцкай сярэдняй школы ў 2012 годзе пасадзілі кедравую Алею памяці. На ёй ўстаноўлена 43 таблічкі з імёнамі жыхароў вёскі, якія загінулі ў агні 6 верасня 1943 года.

Новы экспанат папоўніў экспазіцыю Пухавіцкага раённага краязнаўчага музея «Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Пухавіцкага раёна»: Ягор і Андрэй Крэтавы стварылі дыяраму на аснове трагедыі вёскі Беразянка.

На могілках вёсак у мемарыяльным комплексе “Хатынь“ 186 сімвалічных папялішчаў. Яны нагадваюць сучаснікам пра розныя куточкі Беларусі, жыхароў якіх спасцігла хатынская трагедыя. У гэтыя вёскі, як і ў Беразянку, больш не вярнулася жыццё. Яны назаўсёды сталі месцам народнага смутку і болю.

Вольга ЛУГАВАЯ.

Прочитано 346 раз

© Пуховичский районный исполнительный комитет, 2008-2020
Увидели ошибку на сайте?
Пожалуйста, выделите текст с ошибкой
и нажмите ctrl + enter

Яндекс.Метрика Разработка и поддержка сайта:
Группа компаний «ЦВР «ОКТЯБРЬСКИЙ»