Нам, беларусам, засталася багатая і невычэрпная спадчына, у тым ліку і народнае мастацтва – адно з самых традыцыйных відаў нацыянальнай культуры. У народным дэкаратыўна-прыкладным мастацтве ўвасобілася неабдымная, вечна жывая душа народа, яго багаты, назапашаны стагоддзямі практычны вопыт і эстэтычны густ. Традыцыйная народная творчасць − адзін з найбольш дзейсных спосабаў самавыяўлення народа, магчымасць заявіць пра сябе ўсяму свету. Са старадаўніх часоў да сённяшніх дзён беларусамі захаваны многія віды і формы традыцыйнай мастацкай творчасці: разьба па дрэве, ганчарства, кавальства, ткацтва, вышыўка, роспіс, пляценне з прыродных матэрыялаў.
У Пухавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэцы адкрылася выстава «Жывыя крыніцы народнай творчасці». Бібліятэка прапануе пазнаёміцца з кнігамі, у якіх расказваецца пра помнікі беларускай архітэктуры, сакральнай архітэктуры,пра самыя цікавыя месцы Беларусі, народную творчасць, ад ткацтва да саломапляцення. Выстава дапоўнена вырабамі сучасных майстроў Пухавіччыны. Адзін з раздзелаў выставы прапануе літаратуру для тых, хто хоча навучыцца зрабіць нешта сваімі рукамі.