Для кожнага з нас гісторыя нашага краю – гэта крыніца жыцця. Спадчыну, зробленую рукамі нашых продкаў, павінны ведаць нашы дзеці і ўнукі. Вельмі важна годна перадаць яе ў рукі нашчадкаў.
Каб пазнаёміцца з побытам беларусаў у былыя часы, для выхаванцаў старэйшай групы дзіцячага садка “Крынічка” супрацоўнікі Свіслацкай гарпасялковай бібліятэкі наладзілі этнаграфічную вандроўку “Чароўныя жаронцы”. У Кутку роднай спадчыны, які дзейнічае пры бібліятэцы, дзеці слухалі цікавы аповяд пра жыццё і побыт нашых продкаў. Падарожжа было аздоблена прыказкамі і прымаўкамі, загадкамі і жартамі. Напрыканцы сустрэчы бібліятэкары праверылі дзяцей на кемлівасць – трэба было адказаць на пытанні, звязаныя з сядзібаю, з жыццём і працаю яе гаспадароў. Вандроўка атрымалася вельмі займальнай і карыснай.