"З гэтага мы перш за ўсё павінны зыходзіць. Не проста на замок наглуха закрываць граніцу і ствараць праблемы для сваіх грамадзян і тых, хто да нас прыязджае, а стварыць спрыяльную зону і ў той жа час адсякаць тых, хто да нас едзе з непажаданымі намерамі. Асабліва гэта важна напярэдадні II Еўрапейскіх гульняў", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка даручыў забяспечыць законнасць і правапарадак, праяўляючы максімум увагі да турыстаў і гасцей Беларусі.
Прэзідэнт нагадаў, што год таму былі канкрэтызаваны напрамкі работы Дзяржпагранкамітэта па ахове граніц і ўзмацненні правапарадку на прыгранічнай тэрыторыі. Прыняты ўсе неабходныя рашэнні. Праведзеная аптымізацыя кантрольных працэдур на граніцы дала магчымасць павысіць эфектыўнасць беларускіх пунктаў пропуску. "Практыка паказала, што асобныя функцыі пагранічнікаў у шэрагу выпадкаў могуць сваімі сіламі выконваць супрацоўнікі мытняў. Гэта рацыянальны падыход, і гэту работу трэба прадоўжыць", - лічыць кіраўнік дзяржавы.
Перад кіраўніцтвам Дзяржпагранкамітэта Прэзідэнт паставіў шэраг актуальных пытанняў, у тым ліку наколькі здольны органы пагранічнай службы процістаяць існуючым выклікам. "Выклікаў стала больш, чым гэта было нават у мінулым годзе", - заўважыў беларускі лідар.
Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, якія меры ўжо ажыццяўляюцца і будуць прымацца ў далейшым для таго, каб забяспечыць бяспеку краіны, а таксама што яшчэ неабходна зрабіць для эфектыўнай работы пагранічнікаў.
Written by belta.by